У рэгіёнах забаранілі пікеты супраць збяднення
2- 27.01.2012, 9:50
Па адной такой акцыі з колькасцю ўдзельнікаў да 30 чалавек планавалася правесці ў Пінску і Баранавічах 28 студзеня з 12.00 да 13.00.
Заяўкі на пікеты падавалі мясцовыя актывісты Беларускай партыі левых «Справядлівы свет». Мэта акцый - выказаць пратэст супраць рэзкага зніжэння ўзроўню жыцця людзей, павышэння коштаў на тавары і паслугі.
Як паведаміў БелаПАН заяўнік пікету ў Пінску Міхаіл Раманцаў, улады забаранілі акцыю на той падставе, што яна планавалася ў непрызначаным для такіх мерапрыемстваў месцы.
«Мы мелі намер правесці пікет ля ўваходу на гарадскі рынак, які знаходзіцца на вуліцы Ленінградскай. Там шмат людзей, асабліва ў выходныя дні. Падаваць заяўку зімой на стадыён або летнюю эстрадную пляцоўку ў гарадскім парку, якія ў нашым горадзе ўлада вызначыла для масавых мерапрыемстваў, бессэнсоўна», - дапоўніў Раманцаў.
Па словах аднаго з заяўнікаў пікету ў Баранавічах Віктара Цяпіна, яны планавалі акцыю ў старым парку культуры і адпачынку на вуліцы Камсамольскай. Гэтая пляцоўка вылучаная Баранавіцкім гарвыканкамам для масавых мерапрыемстваў.
«З адказу, які я атрымаў, вынікае: пікет забаронены, бо заяўка на яго не адпавядае патрабаванням артыкулаў 5 і 6 закона «Аб масавых мерапрыемствах» .І больш нічога. Я лічу, чыноўнікі шукаюць любыя прычыны, каб забараніць непажаданую ім акцыю. Абскардзіць гэтыя забароны, як паказвае практыка, - бессэнсоўна», - заявіў Цяпін.
Варта дадаць, што заяўку на пікет на 28 студзеня супраць збяднення насельніцтва падавалі брэсцкія актывісты партыі «Справядлівы свет». Брэсцкі гарвыканкам дазволіў акцыю пры ўмове, што яе заяўнікі да 26 студзеня пададуць дамовы з органамі ўнутраных спраў, установай аховы здароўя і камунальным прадпрыемствам.
«Мы былі вымушаныя адмовіцца ад пікетавання, таму што ў нас няма сродкаў для аплаты такіх паслугаў, - паведаміла старшыня брэсцкай гарадской партыйнай структуры Людміла Дзенісенка. - Мы маем намер праз суд дамагчыся адмены аплаты арганізатарамі масавых мерапрыемстваў выдаткаў, звязаных з правядзеннем масавых мерапрыемстваў. Усе дзяржслужбы, з якімі павінныя заключацца такія дамовы, утрымліваюцца за кошт падаткаплацельшчыкаў, якімі мы таксама з'яўляемся».