Актрыса Марына Голуб загінула ў аўтакатастрофе (Відэа)
32- 10.10.2012, 11:29
Актрыса і тэлевядучая Марына Голуб загінула ў ДТЗ у ноч на 10 кастрычніка.
Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на дэпартамент аховы здароўя горада Масквы.
Па дадзеных ГУУС, якія прыводзіць агенцтва, Голуб злавіла таксіста-прыватніка на аўтамабілі «Хёндай». Кіроўца, які падабраў актрысу, быў раней пазбаўлены кіроўчых праў.
На скрыжаванні праспекта Вярнадскага і вуліцы Лабачэўскага «Хёндай» патрапіў у аварыю. Вінаватым у ДТЗ стаў аўтамабіль «Кадылак», які выехаў на скрыжаванне на забараняльны сігнал святлафора. Акрамя «Хёндая» «Кадылак» таксама ўдарыў аўтамабілі «Лада» і «Кіа».
У выніку сутыкнення Марына Голуб загінула на месцы. Таксама ў аварыі загінуў мужчына, асоба якога ўстанаўліваецца (ці быў гэта кіроўца «Хёндая», не паведамляецца).
Кіроўца «Кадзілака» схаваўся з месца злачынства. Яго асоба ўстаноўлена, і ён аб'яўлены ў вышук. У ГУУС кажуць, што ён неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за шматлікія парушэнні правілаў дарожнага руху.
Марына Голуб нарадзілася 8 снежня 1957 года ў Маскве. У 1979 годзе пад кіраўніцтвам Віктара Манюкова скончыла Школу-студыю МХАТ. У 1995 годзе стала заслужанай артысткай Расейскай Федэрацыі. З 2002 года працавала ў МХТ імя Чэхава.
Паралельна працавала вядучай на тэлеканале «Россия 1» - Голуб вяла «Дзяўчаты» «Ранішнюю пошту», - і здымалася ў кіно.