Аб пастаўках расейскай нафты пакуль не дамовіліся
7- 10.10.2012, 12:19
Беларусь працягвае перамовы з Расеяй аб умовах пастаўкі нафты на 4 квартал 2012 года.
Аб гэтым паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у канцэрне «Белнафтахім».
«Перамовы па нафце, па ўмовах яе пастаўкі ў 4 квартале гэтага года, паміж беларускім і расейскім бокам зараз працягваюцца», - сказаў прадстаўнік «Белнафтахіма».
Ён адзначыў, што ў канцэрне «падтрымліваюць прапановы расейскага боку», не ўдакладніўшы пры гэтым, пра якія менавіта прапановы ідзе гаворка.
Між тым, раней прадстаўнік Беларусі ў Савеце ЕЭК Сяргей Румас паведаміў у эксклюзіўным каментары агенцтву «Інтэрфакс-Захад», што расейскі бок унёс у Савет ЕЭК тры праекты рашэнняў па ўрэгуляванні супярэчнасцяў вакол разгорнутай у Беларусі схемы вытворчасці і экспарту растваральнікаў з расейскіх нафтапрадуктаў. У прыватнасці, Румас не выключыў, што пытанне можа быць вырашана увядзеннем экспартных пошлін на сублімаваныя нафтапрадукты.
Румас дадаў, што беларускі бок прынцыпова не пярэчыць супраць урэгулявання гэтага пытання, за выключэннем адной з прапаноў, якая закранае іншыя таварныя пазіцыі і прадугледжвае ўнясенне змяненняў у Мытны кодэкс.
У «Белнафтахіме» таксама не змаглі ні пацвердзіць, ні абвергнуць распаўсюджаную ў шэрагу беларускіх і расейскіх СМІ інфармацыю аб тым, што Мінэнерга РФ настойвае на няўхільным выкананні беларускім бокам нафтавага балансу на 2012 год. Гэта патрабаванне, як адзначаецца ў публікацыях, заключаецца ў тым, што да канца 2012 года на расейскі рынак з рэспублікі павінна быць пастаўлена 2,1 млн тон бензіну і 3,5 млн тон дызпаліва, выпрацаваных з расейскай нафты на беларускіх НПЗ. Пры гэтым, на сённяшні дзень, Беларусь выканала дадзеныя абавязацельствы толькі на 2%.
Як раней паведамлялі прадстаўнікі беларускіх НПЗ, пры падпісанні балансу на 2012 год прадугледжвалася, што гэтыя пастаўкі будуць забяспечваць расейскія нафтавыя кампаніі, якія займаюцца нафтаперапрацоўкай на ўмовах працэсінгу. На сённяшні дзень доля давальніцкай перапрацоўкі складае каля 50% ад агульнага аб'ёму, аднак, адзначаюць беларускія ўдзельнікі рынка, «расейскім давальцам вяртаць паліва ў РФ нявыгадна, экспарт у ЕЗ для іх пераважней».
У «Белнафтахіме» таксама паведамілі, «што гэтае пытанне, мы спадзяемся, будзе прынцыпова вырашана на бліжэйшым пасяджэнні Савета ЕЭК».
Згодна з рашэннем Мінэнерга РФ, пастаўкі нафты ў Беларусь з Расеі ў 4 квартале складуць 4 млн тон супраць 5,3 млн тон у 3 квартале 2012 года.
На думку расейскіх профільных экспертаў, рашэнне аб скарачэнні на 4 квартал аб'ёмаў паставак звязана з рэзкім ростам паставак у Беларусь у бягучым годзе нафтавай сыравіны, якую рэспубліка выкарыстала для вытворчасці сублімаваных нафтапрадуктаў - растваральнікаў.