26 красавiка 2024, Пятніца, 0:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Гулін: Міліцыянты абражалі чарнаскурага валанцёра

25
Міхаіл Гулін: Міліцыянты абражалі чарнаскурага валанцёра

Затрыманні за простую геаметрыю - гэта маразм, лічыць мастак.

Учора падчас правядзення мастацкай акцыі на Кастрычніцкай плошчы Менска Міхаіла Гуліна разам з памочнікамі затрымаў АМАП. Гутарка мастака з 34mag.net адбылася адразу пасля вызвалення з-пад варты:

- Я ўдзельнік праекту Going Public, прысвечанага праблеме выразу ў публічнай прасторы. Я рэалізоўваў праекты ў трох кантэкстах, у тым ліку ў Калінінградзе і Клайпедзе. Акцыя ў Клайпедзе называлася «Выхад да мора», я спускаў на ваду кардонны ваенны флот. У Калінінградзе было некалькі акцый, усе яны былі прысвечаны мясцовай праблематыцы: ліквідацыі трамвайных маршрутаў і нямецкай маставой.

Усюды са мной прысутнічалі дырэктары інстытутаў, якія мяне запрашалі - яны імкнуліся мінімізаваць усе патэнцыйныя рызыкі. Але ўсё і так праходзіла без праблем.

Цяпер да нас з візітам прыехалі расейскія і літоўскія мастакі, а беларускія ўдзельнікі гэтага праекту - Антаніна Слабодчыкава, Вольга Cазыкіна і я - павінны былі рабіць нейкія акцыі, лепш сказаць - творы мастацтва, таму што слова «акцыя» у нас шмат каго палохае . Мы павінны былі казаць аб праблематыцы выказванняў у публічнай прасторы.

Я зрабіў праект «Прыватны манумент». Гэта скульптура-трансформер з геаметрычных элементаў: тры ружовых куба (40 на 40) і жоўты паралелепіпед (120 на 40). Я падумаў пра тое, што чалавек, які ідзе па горадзе і нясе карціну, не выклікае ніякіх пытанняў. Але чалавек, які хоча паставіць скульптуру ў публічным месцы, пытанні выклікае.

У скульптуры няма ніякага палітычнага мэсэджа - гэта проста пафарбаваныя кубы, чыста супрэматычная кампазіцыя. Кампазіцыя шматмодульная, таму са мной было тры памочніка: валанцёры, якіх знайшла каардынатар праекту, я іх бачыў першы раз у жыцці.

Манументы ўсталёўваліся на плошчах. Мы былі на чатырох плошчах: Калініна, Якуба Коласа, Незалежнасці і на Кастрычніцкай плошчы завяршалі. Там нас і затрымаў АМАП.

Мастак распавёў, што ў РУУС да затрыманых ўжывалі сілу і абражалі:

- Нас даставілі ў Кастрычніцкі РУУС. Усе мае тлумачэнні ў міліцыянтаў выклікалі іранічную ўсмешку: «А чаго вы туды паперліся?». Аднаго майго памочніка, цемнаскурага хлопца, пачалі абражаць, называць «Зімбабвэ» - таму што ў яго «чорнае е*ала», як патлумачыў міліцыянт свайму калегу. Я зрабіў ім заўвагу, на што мне адказалі, што зараз «са мной папрацуюць індывідуальна». Чуць такое ад 130-кілаграмовага ёлупня не вельмі прыемна.

Двух маіх памочнікаў збілі. Падставай для прымянення сілы паслужыла просьба хлопцаў даць інфармацыю аб законнасці затрымання. Мы ездзілі ў шпіталь хуткай дапамогі, у аднаго з хлопцаў - лёгкае страсенне мозгу. Праблема ў тым, што немагчыма атрымаць накіраванне на судмедэкспертызу, каб зняць пабоі - яго трэба браць ва ўчастковага, а хлопец з Дзяржынска.

Нас пратрымалі сем гадзін. У хлопцаў прызначаныя суды на 22 кастрычніка, у мяне - на 26-га. Абвінавачваюць у дробным хуліганстве і супраціўленні пры затрыманні.

Інстытут Гётэ, галоўны партнёр праекта, нас «зліў». Куратар праекта ў Беларусі Ірына Герасімовіч прапанавала дырэктару Інстытута ў Менску прыехаць у Цэнтральны РУУС і пацвердзіць мой статус мастака. Франк Баўман адмовіўся, ён сцвярджаў, што мяне не ведае і праекта майго не бачыў.

Баўман з самага пачатку вельмі баяўся. У праекце з беларускага боку павінен быў прымаць удзел яшчэ Арцём Рыбчынскі, ды і праектаў павінна было быць значна больш, але з прычыны гэтых страхаў іх згарнулі. Мой жа праект быў афіцыйна прыняты і падтрыманы. Да таго ж напярэдадні акцыі я вырашыў яе нідзе не афішаваць, каб раптам не пашкодзіць Інстытуту.

У выніку праект згарнулі. Інстытут Гётэ адмовіўся даваць свае памяшканні пад лекцыі і абмеркаванні, а на гэтым этапе знайсці новыя месцы нерэальна. Куратары з беларускага боку палічылі патрэбным зачыніць праграму.

Цяпер мая задача - абараніць валанцёраў, якія зусім ні пры чым, і куратараў у Менску, Ірыну Герасімовіч і Вольгу Рыбчынскую, так як Інстытут Гётэ ў Менску спрабуе зараз зваліць усю адказнасць на іх. Ірына рабіла шмат праектаў з Інстытутам, цяпер ёй адмаўляюць у далейшым супрацоўніцтве. І апошняя задача - вярнуць сваёй акцыі статус мастацкага выказвання. Элемент правакацыі ў ёй, вядома, быў, як без гэтага ў сучасным мастацтве? Я думаў, ці будзе расцэненая простая геаметрыя як правакацыя грамадскай бяспекі? Але спадзяваўся, што да маразму не дойдзе.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках