Акадэмік Вайтовіч: Магчымы паўтор крызісу-2011
13- 10.10.2012, 16:08
Энергетычная вайна паміж РФ і РБ можа прывесці Беларусь да крызісу 2011 года, лічыць эксперт.
«Сёння Беларусь не мае рычагоў уплыву на Расею. Раней, калі транзіт расейскага газу ў Еўропу ажыццяўляўся толькі праз Беларусь і Украіну, наша краіна магла перакрыць «засланку». Цяпер у РФ ёсць дадатковыя транзітныя шляхі », - распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org экс-спікер «савета рэспублікі» «нацыянальнага сходу» Беларусі, акадэмік Аляксандр Вайтовіч.
Па словах акадэміка, прычына ўсіх энергетычных войнаў з Расеяй - у нерэфармаванай эканоміцы Беларусі. «Сумна, што мы не можам мадэрнізаваць эканоміку, каб не залежаць толькі ад некаторых сектараў прамысловасці, як мы зараз залежым ад экспарту перапрацаваных нафтапрадуктаў. Мы не звяртаем увагі на тэндэнцыі, не глядзім на сусветную эканоміку і не мадэрнізуем сваю. Наша нерэфармаваная эканоміка трымаецца на датацыях Расеі ў нафтавай сферы. І ўрадавыя колы Беларусі імкнуцца падоўжыць гэтыя датацыі на як мага большы тэрмін».
На думку Аляксандра Вайтовіча, «растваральнікавы» бізнэс спыніцца. «Расея даб’ецца свайго. У рэшце рэшт мы перастанем вывозіць перапрацаваныя нафтапрадукты. Навошта Расеі губляць мільярд даляраў са свайго бюджэту, які яна недаатрымала з-за нявыплаты Беларуссю экспартных пошлін?».
Калі РФ не выдзеліць новых датацый, Беларусь чакае крызіс 2011-га года, адзначыў эксперт. «Вядома, гэта адаб'ецца адмоўна на беларускай эканоміцы. Наша дадатнае сальда знешняга гандлю трымалася толькі на перапрацоўцы нафтапрадуктаў і іх продажы. Як толькі гэты артыкул даходу спыніцца, нас могуць чакаць падзеі 2011 года».
Адказваючы на пытанне, ці дазволіць Расея здарыцца новаму крызісу ў Беларусі, Аляксандр Вайтовіч адказаў, што ў РФ ёсць іншыя спосабы падтрымкі ўлад. Напрыклад, скупка беларускіх прадпрыемстваў. «Усякая краіна думае ў першую чаргу аб уласных інтарэсах. І Расея - не выключэнне. У РФ ёсць іншыя магчымасці падтрымаць Беларусь. Напрыклад, даць новыя крэдыты, або вылучыць грошы праз скупку нашай уласнасці. Я не выключаю такой магчымасці, што з-за прыпынення растваральнікавага бізнесу ў Беларусі пачнецца яшчэ вялікая прыватызацыя з боку Расеі».
Нагадаем, сёння расейскае выданне «Известия» напісала, што Расея аб'яўляе Беларусі энергетычную вайну. Як піша газета, у Мінэнерга Расеі заяўляюць, што Менск адмаўляецца выконваць дамоўленасці па пастаўках бензіну.
Расея мае намер часткова кампенсаваць шкоду бюджэту ў $1 млрд, прычыненую бяспошлінным экспартам Беларуссю расейскіх нафтапрадуктаў на Захад пад выглядам растваральнікаў, паведамляе выданне.