Прафесар Лепін: Беларусі АЭС не патрэбна
52- 10.10.2012, 17:34
Энергетычныя праблемы краіны можна вырашыць за кошт мадэрнізацыі існуючых ЦЭЦ.
Беларусь не мае патрэбы ў будаўніцтве атамнай станцыі, заявілі на прэс-канферэнцыі ў Менску 10 кастрычніка намеснік старшыні Беларускай партыі «Зялёныя» Зміцер Кучук і прафесар, доктар тэхнічных навук Рыгор Лепін, перадае БелаПАН.
Па словах Кучука, у Беларусі пакуль няма праблем з электраэнергіяй. «За апошнія гады я не чуў пра тое, каб хоць адно прадпрыемства спынілася з-за недахопу электраэнергіі», - сказаў Кучук. У далейшым забяспечыць краіну электраэнергіяй, паводле яго слоў, можна за кошт аднаўляльных крыніц энергіі, энергазберажэння і за кошт мадэрнізацыі ўжо існуючых цеплавых электрастанцый. «Навошта нам будаваць дарагую АЭС, зусім незразумела», - заявіў Кучук.
Прафесар Лепін адзначыў, што ў Беларусі існуе сетка цеплаэлектрастанцый. «Гэтыя станцыі малой магутнасці, пабудаваны даўно, у іх састарэлае абсталяванне. На сёння ў Беларусі мадэрнізаваная толькі адна ЦЭЦ - Аршанская. На ёй асвоены новыя парагазавыя тэхналогіі. У выніку Аршанская ЦЭЦ на 40% скараціла спажыванне сыравіны - газу і нафтапрадуктаў, і пры гэтым прыкладна настолькі ж, на 40%, павялічыла колькасць выпрацаванай электраэнергіі», - адзначыў доктар навук.
Ён выказаў здзіўленне, чаму аналагічныя праекты мадэрнізацыі былі «замарожаныя» - напрыклад, практычна гатовы праект мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС. «Вялізны вынік мог бы быць атрыманы за кошт мадэрнізацыі ЦЭЦ. Гэта вырашыла б усе нашы праблемы, і ў нас бы быў нават лішак электраэнергіі», - заявіў Лепін.
Прафесар таксама адзначыў малую перспектыўнасць будаўніцтва АЭС для экспарту электраэнергіі. «У Беларусі няма сетак для перадачы такой колькасці энергіі, няма такіх магутнасцяў. Каб браць энергію ад АЭС, трэба мець энергасістэму высокай магутнасці. У нас такой сістэмы няма, і колькі будзе каштаваць яе пабудаваць - ніхто не кажа», - заўважыў Лепін.
Ён таксама заявіў, што энергія ад АЭС - вельмі дарагая у параўнанні з іншымі відамі энергіі. Так, паводле яго слоў, электраэнергія АЭС каштуе да 25 цэнтаў за кілават-гадзіну, у той час як энергія ЦЭЦ і іншых крыніц - 4-5 цэнтаў за кілават-гадзіну. «Дзе мы збіраемся шукаць пакупнікоў за такія кошты?» - задаўся пытаннем Лепін.
«Нам не патрэбна атамная станцыя, і, наогул, нікому яна не патрэбна», - рэзюмаваў прафесар.