Парушальнікам правілаў знаходжання ў РФ на 3 гады забароняць уезд
17- 11.10.2012, 13:35
Кіраўнік Федэральнай міграцыйнай службы РФ Канстанцін Рамаданаўскі прапануе забараніць парушальнікам міграцыйнага заканадаўства ўезд у Расею на тры гады.
Праблемы нелегальнай міграцыі і міграцыйную сітуацыю на прасторы СНД абмяркоўваюць у чацвер у Бішкеку кіраўнікі міграцыйных ведамстваў Садружнасці. Працай форуму кіруе Рамаданаўскі, перадае РІА Новости.
«У Расеі з 2008 года эфектыўна працуе міграцыйная сістэма, якая фіксуе кожнага замежнага грамадзяніна. Яе механізмы дазваляюць выяўляць усіх парушальнікаў міграцыйнага рэжыму. У выпадку, калі мы правядзем працэдуры і закон запрацуе, прадугледжваецца, што гэтым грамадзянам з моманту выезду будзе закрыты ўезд у краіну на тры гады», - сказаў Рамаданаўскі.
Ён растлумачыў, што такія меры могуць быць ужытыя да тых, хто парушае тэрміны знаходжання на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі «і не падае апраўдальных дакументаў».
Кіраўнік ФМС таксама выказаў надзею, што ў бліжэйшы час у Расеі будуць заканадаўча замацаваны механізмы тэставання мігрантаў па рускай мове.
«Спадзяюся, што ў бліжэйшы час будзе запушчаны механізм па тэставанні па рускай мове для тых, хто кантактуе з насельніцтвам, каб не выклікаць раздражнення. Напрыклад, калі чалавек працуе ў краме, ён павінен адэкватна адпавядаць таму месцу, дзе працуе», - адзначыў Рамаданаўскі .