Еўрапарламент рыхтуе рэзалюцыю па Беларусі
12- 12.10.2012, 10:43
На сесіі Еўрапарламента будзе разгледжана сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.
Пра гэта ў інтэрв'ю сайту ucpb.org паведаміў лідэр АГП Анатоль Лябедзька, які прыняў удзел у пасяджэнні рабочай групы па Беларусі Парламенцкай асамблеі Еўранэст.
«Цяпер вядзецца праца над зместам дакумента, - сказаў Анатоль Лябедзька. - Не выключана, што некаторыя аспекты нашай дыскусіі знойдуць сваё адлюстраванне ў праекце рэзалюцыі. У прыватнасці гэта тычыцца сітуацыі з палітвязнямі і праблемы з адсутнасцю парламента ў Беларусі».
Палітык лічыць важным факт захавання рабочай групы па Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Еўранэста: «Гэта кажа аб устойлівай цікавасці да Беларусі з боку Еўрапарламента. Прычым пытанне аб прадастаўленні месцаў у асамблеі Еўранеста прадстаўнікам беларускай «палаты прадстаўнікоў» нават не падымалася. Тут дэпутаты ЕП салідарныя з большасцю беларускіх выбаршчыкаў і прытрымліваюцца пазіцыі жорсткага байкоту».