16 красавiка 2024, aўторак, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Ігнаценка: Скарачэнне дзяржапарату - чарговая прафанацыя

18
Алег Ігнаценка: Скарачэнне дзяржапарату - чарговая прафанацыя

Экс-начальнік Галоўнага ўпраўлення службы кантролю Лукашэнкі скептычна ставіцца да ідэі «аптымізаваць» колькасць дзяржаўных чыноўнікаў.

«Нічога яны не зробяць, яны на такое не здольныя. Я думаю, што Лукашэнка проста нагледзеўся «Еўраньюс». Як раз гледзячы рэпартажы аб краінах, дзе ёсць праблемы з дэфіцытам бюджэту, вырашыў, што гэтая тэма модная, і каб ніхто яго не папракнуў, што ён заняты надзіманнем сілавых структур і бюракратычнага апарата, падумаў, што гэта сучасны вектар - маўляў, трэба і мне гэта казаць. Але такія рэчы «з кандачка» не вырашаюцца, гэта сур'ёзныя пытанні.

Сапраўды, калі ў нас 40-45% колькасці апарата скараціць - гэта ніяк не адаб'ецца на кіраванні дзяржаўнымі працэсамі. Але не з цяперашнімі падыходамі. Таму ўся гэтая ідэя нагадвае мышыную валтузню. Думаю, усё гэта несур'ёзна і перспектыў у гэтай ініцыятывы ніякіх няма. Даю гарантыю, што ніхто нічога скарачаць не будзе. Нават магу спрагназаваць, што гэта своеасаблівая чыстка тых хто не даспадобы. Магчыма, хтосьці на «выбары» не так хадзіў - з ліку тых, хто павінен быў хадзіць у адпаведнасці з яго разуменнем. Але ні Кабякоў, ні Пяткевіч не падрыхтаваныя да таго, каб гэтыя пытанні вырашаць», - сказаў ён у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

Спадар Ігнаценка «крыжовы паход» на бюракратыю лічыць чарговай «прафанацыяй». Паводле яго слоў, за апошнія паўтара дзесятка гадоў колькасць чыноўнікаў ва ўсіх ведамствах вырасла ў разы, і такая відавочная тэндэнцыя да гэтага часу Лукашэнку чамусьці не трывожыла.

«За 16-18 апошніх гадоў так званая «аптымізацыя апарата» прывяла да адваротнага эфекту. Мяркуйце самі: раней служба кантролю складала 103 чалавекі і былі 3 ці 4 машыны. І нават яшчэ аспрэчваецца пытанне: дадаваць да існуючых 102 рэвізораў яшчэ аднаго? А цяпер у Камітэце дзяржкантролю - паўтары тысячы чалавек і больш за 130 аўтамабіляў, хай нават уключна з тым, што яны Дэпартамент фінансавых расследаванняў далучылі.

І так любую галіну ўзяць, любы апарат кіравання. Калі раней было 540, потым 760 чалавек кіраўніцтва ў Менску, то сёння гэтая лічба на парадак больш. Я нават не ведаю, як гэта рэальна можа вытрымліваць бюджэт, як нашы пенсіянеры яшчэ маўчаць да гэтага часу, таму што фактычна гэта ўсё неэфектыўна, гэты бюракратычны апарат працуе сам на сябе. І Кабякоў з Пяткевічам проста не ўпаўнаважаны, у тым ліку Лукашэнкам, каб прымаць нейкія радыкальныя рашэнні. Такія пытанні трэба вельмі сур'ёзна рыхтаваць, тычыцца гэта і МУС, і Мытнага камітэту, і ўсіх іншых дзяржаўных апаратаў кіравання. Вельмі сур'ёзная прапрацоўка патрэбна. А так - проста чарговы «пшык» - сказаў Алег Ігнаценка.

Па дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у мінулым годзе ў сферы дзяржаўнага кіравання ў Беларусі было задзейнічана каля 166 тысяч чалавек, або 3,5% насельніцтва, занятага ў эканоміцы.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках