28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: На ўручэнне прэміі Валенсы ехаў праз Расею

3
Станіслаў Шушкевіч: На ўручэнне прэміі Валенсы ехаў праз Расею

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі змог прыехаць у Гданьск на цэрымонію ўручэння прэміі Леха Валенсы.

29 кастрычніка ў Гданьску Наталля Пінчук атрымала прэмію Леха Валенсы, якую прысудзілі яе мужу Алесю Бяляцкаму за яго ўклад у абарону праў чалавека і дапамогу людзям, якіх пераследуюць беларускія ўлады.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч быў адным з членаў журы, якія прысуджалі гэтую прэстыжную прэмію. Як распавёў палітык сайту charter97.org, прэмію Алесю Бяляцкаму прысудзілі аднагалосна.

«Перш за ўсё трэба адзначыць, што прэмію Бяляцкаму прысудзілі аднагалосна і з вялікім натхненнем. Мяне гэта вельмі ўзрадавала. Цэрымонія праходзіла ў Палацы Артуса, самым прыгожым палацы Гданьска, усё было вельмі ўрачыста, жонцы Алеся Бяляцкага апладзіравалі стоячы», - сказаў Станіслаў Шушкевіч.

«На ўручэнні прэміі прысутнічалі высокапастаўленыя асобы Польшчы. Маршалак Сената Богдан Барусевіч, мэр Гданьска Павел Адамовіч, амбасадар ЗША у Польшчы Лі Файнстайн і іншыя. Таксама на цэрымоніі было зачытана пасланне прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска яго спецыяльным прадстаўніком», - адзначыў палітык.

«Польскія дзеячы казалі пра тое, што зараз адбываецца ў Беларусі. Тое, што адбылося з Алесем Бяляцкім, яны назвалі жахлівым фактам. Палітыкі разважалі пра тое, што калі з дыктатурай будзе скончана, у Беларусі ўсё будзе добра», - распавёў першы кіраўнік незалежнай Беларусі.

«Занепакоенасць лёсамі ўсіх беларускіх палітвязняў гучала ў кожным выступленні на цэрымоніі. Прычым гаварылі не толькі аб вызваленні ўсіх палітычных вязняў, але і аб іх поўнай рэабілітацыі», - падкрэсліў Станіслаў Шушкевіч.

«Я кожны год бываю на ўручэнні прэміі Леха Валенсы як член журы, але ў гэты раз мне было складана выехаць з Беларусі, таму што я невыязны. Прыйшлося ехаць праз Расею», - дадаў палітык.

Нагадаем, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы ў лістападзе мінулага года. Яго прызналі вінаватым у нявыплаце падаткаў.

Праваабаронца сваёй віны не прызнаў і заявіў, што ўсе грошы, атрыманыя на яго рахункі, ішлі на праваабарончую дзейнасць. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб банкаўскіх рахунках, якую перадалі афіцыйнаму Менску Літва і Польшча.

Краіны Еўразвяза, ЗША і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі лічаць Бяляцкага палітвязням, а прысуд яму - палітычна матываваным. Яны патрабуюць ад улад Беларусі вызваліць праваабаронцу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках