Абдымацца можна толькі з дазволу ўлады
37- 22.10.2012, 9:02
Беларускі закон аб масавых мерапрыемствах даведзены да абсурду.
Ніякай палітыкі, ніякага пратэсту, ніякіх патрабаванняў да каго б там ні было. У Магілёве вырашылі адзначыць Дзень абдымкаў, які ў 1986 годзе прыдумаў студэнт з ЗША, якому патрэбна быў падстава абняць каханую дзяўчыну. Не выключана, што ініцыятарам магілёўскай акцыі таксама патрэбна проста нагода абняць каханага чалавека, да якога ў звычайнай сітуацыі і наблізіцца боязна. Але за дазволам абдымацца ім давялося звяртацца ў Магілёўскі гарвыканкам. І толькі калі ён дазволіць, флэш-моб 3 лістапада адбудзецца, піша «Народная воля».
Удзельнікі хочуць сабрацца каля гарадской Ратушы і прайсці да сквера 40-годдзя Перамогі з усмешкамі і абдымкамі, так бы мовіць, калектыўна змагацца з восеньскай дэпрэсіяй. Але ў чыноўнікаў дэпрэсія круглы год, яны ва ўсім шукаюць падвох, і для іх ідэальны варыянт - каб людзі выходзілі на вуліцы гарадоў толькі на суботнікі.
Каб зняць усе падазрэнні ў нейкім падвоху, які стаіць за гэтай акцыяй, яе арганізатары распаўсюдзілі ў сацсетках інфармацыю для патэнцыйных удзельнікаў.
1. Прыняць удзел могуць толькі тыя, каму споўнілася 18 гадоў (каб у бяскрыўдных абдымках не ўбачылі спакушэнне непаўналетніх).
2. Усе павінны выконваць правілы дарожнага руху і грамадскага парадку;
3. Плакаты могуць быць толькі прыблізнага такога зместу «Не лянуйся - абдыміся», «Давай, абдымацца» і да т.п., пасля акцыі іх трэба альбо пакінуць на памяць, альбо выкінуць у сметніцу.
4. Абдымаць трэба толькі тых людзей, якія гатовыя абняцца.
5. Абдымаць трэба моўчкі, або, па крайняй меры, звярнуцца са словамі «Вы хочаце абняцца?» - Нельга крычаць «Давайце я вас абдыму!»;
6. Нельга абдымаць людзей, якія ў дадзены момант працуюць альбо ў каго занятыя рукі.
7. Мы лічым, што моцныя сяброўскія абдымкі павінны доўжыцца прыкладна 5 секунд...
Ну і гэтак далей. Адным словам, дзіцячы сад на прагулцы.
Аднак магілёўскія чыноўнікі старанна хмураць лбы і яшчэ не вырашылі, ці можна дазволіць такую «небяспечную» акцыю.