The Sunday Times: Агенты «Масада» чакаюць тэрактаў у Менску
157- 22.10.2012, 11:56
Ізраіль асцерагаецца, што на былога кіраўніка «Масада» нападуць агенты Ірана або ліванскі рух «Хезбала».
Брытанская газета The Sunday Times паведаміла аб сітуацыі, якая склалася вакол лячэння ў Беларусі былога кіраўніка ізраільскай выведкі Мэіра Дагана (пераклад - «Радыё Свабода»).
Паводле інфармацыі газеты, ізраільскія афіцыйныя асобы асцерагаюцца нападу на былога кіраўніка «Масада» з боку Ірана або ліванскага руху «Хезбала». На іх думку, існуе пагроза, што былы кіраўнік «Масада» будзе забіты агентамі Ірана ў Беларусі, дзе Мэір Даган праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі па перасадцы печані.
Аляксандр Лукашэнка - якога часта называюць «апошнім дыктатарам Еўропы» - публічна паведаміў, што на мінулым тыдні былы кіраўнік «Масада» лячыўся ў шпіталі ў Менску.
Раз'юшаныя парушэннем рэжыму бяспекі, ізраільскія афіцыйныя асобы прынялі рашэнне ўзмацніць ахову Мэіра Дагана.
Каманда афіцэраў «Масада» павінна прыбыць у Беларусь у гэтыя выходныя - піша выданне. «Мы вельмі занепакоеныя, - паведаміла The Sunday Times ізраільская крыніца. - І Іран, і «Хезбала» добра ведаюць, дзе зараз знаходзіцца Даган і мы лічым, што іх агенты ўжо на шляху ў Менск».
Агенты «Масада» не выключаюць таго, што небяспека тэракту пагражае не толькі экс-кіраўніку ізраільскай выведкі, але і жыхарам Менска.
Паводле дакладу спецслужбы, Ізраіль паслаў агентаў у Менск для таго, каб «абараняць не толькі шпіталь, але і ўвесь горад».