ААН расследуе выкраданне расейскага апазіцыянера ў Кіеве
11- 23.10.2012, 9:39
Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў глыбока занепакоены знікненнем 19 кастрычніка з Кіева расеяніна Леаніда Развазжаева.
Пра гэта гаворыцца ў спецыяльным камюніке Упраўлення ААН па справах бежанцаў (УВКБ ААН), паведамляе «Радыё ААН». У дакуменце адзначаецца, што Леанід Развазжаеў звярнуўся ў УВКБ ААН за статусам асобы, якая шукае прытулку, і быў запрошаны на рэгістрацыю ў офіс партнёрскай няўрадавай арганізацыі ў Кіеве, якая аказвае бясплатныя юрыдычныя паслугі. Там юрысконсульт правёў з Развазжаевым сумоўе і патэлефанаваў у офіс УВКБ, каб абмеркаваць сітуацыю, а шукальнік статусу адправіўся ў бліжэйшае кафэ, пакінуўшы свае асабістыя рэчы ў юрыстаў. Пасля таго, як Развазжаеў не вярнуўся і адвакат не змог звязацца з ім па тэлефоне, супрацоўнікі НДА забілі трывогу і звярнуліся ў паліцыю.
Дзеючая сістэма прадастаўлення прытулку прадугледжвае, што чалавек, які звярнуўся за міжнароднай абаронай, можа быць упэўнены ў тым, што краіна знаходжання цалкам шануе і абараняе правы чалавека, асабліва фізічную недатыкальнасць і асабістыя дадзеныя, падкрэсліваецца ў камюніке УВКБ ААН. Любая высылка асобы, якая шукае прытулку, у краіну паходжання без выканання належных працэдур можа прывесці да таго, што дзяржаве прыйдзецца несці адказнасць за грубае парушэнне нацыянальнага і міжнароднага права. Упраўленне ААН разлічвае на тое, што гэты інцыдэнт будзе старанна расследаваны адпаведнымі праваахоўнымі органамі, і будзе чакаць вынікаў афіцыйнага расследавання, падкрэсліваецца ў заяве УВКБ.
Цяпер Леанід Развазжаеў адбывае двухмесячны арышт у маскоўскім СІЗА ў сувязі з абвінавачваннем у «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Праваабаронцы паведамляюць аб катаваннях над ім.