Сурыкаў: Усе лічбы зафіксаваныя - трэба выконваць
33- 25.10.2012, 13:03
Расея чакае ад Беларусі пастаўкі да канца 2012 г каля 6 млн т нафтапрадуктаў, выпрацаваных з расейскай нафты.
Беларускі бок абавязаўся паставіць згодна з падпісаным бакамі балансам паліўна-энергетычных рэсурсаў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі на 2012 год.
Пра гэта паведаміў амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у інтэрв'ю агенцтву ПРАЙМ-ТАСС.
- Расейскі бок у гэтым годзе ішоў у графіку паставак нафты, нафтапрадуктаў - адгрузкі за 9 месяцаў нават пераўзышлі зацверджаны баланс. Але ж пастаўкі нафтапрадуктаў у зваротным напрамку з Беларусі ў Расею не ажыццявіліся. І рынак расейскі агаліўся, і кошты пачалі рухацца наперад. Каля 6 мільёнаў тон павінна было вярнуцца з беларускай вытворчасці на расейскі рынак, а вярнулася, па дадзеных беларускай статыстыкі, па выніках 6 месяцаў - 98,7 тысяч тон, - сказаў Сурыкаў.
- Усе лічбы балансу зафіксаваныя і падпісаныя - трэба выконваць, - дадаў амбасадар.
Адказваючы на пытанне, ці рэальна павялічыць пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь у адпаведнасці з пажаданнямі беларускага боку да 23 мільёнаў тон у 2013 годзе супраць 21 мільёна тон у 2012 годзе, Сурыкаў сказаў: «Гэта справа балансу, справа абмеркавання ў рамках «саюзнай дзяржавы».
- І вядома, ужо трэба глядзець на баланс 2013 года, таму што ён павінен быць прыняты ў канцы 2012 года на пасяджэнні «саюзнага» урада, - сказаў амбасадар.