Рэзка павялічаныя тарыфы на перавозкі грузаў
7- 25.10.2012, 17:03
Беларусь, у адпаведнасці са сваімі абавязальніцтвамі ў рамках АЭП, павышае тарыфы на ўнутрырэспубліканскія перавозкі грузаў па чыгунцы.
Рашэнне аб павышэнні тарыфаў замацавана пастановай міністэрства эканомікі Беларусі N85, піша «Інтэрфакс».
Як адзначаецца ў каментары да дакумента, апублікаванага ў чацвер на сайце Мінэканомікі, павышэнне тарыфаў будзе праводзіцца ў 2 этапы: з 26 кастрычніка і з 26 лістапада 2012 года.
Так, з 26 кастрычніка тарыфы на перавозкі нафты і нафтапрадуктаў, цукру, чорных металаў, лому чорных металаў, хімічных і мінеральных угнаенняў тарыфы павялічваюцца на 51,9%, з 26 лістапада - яшчэ на 35%.
Тарыфы на перавозкі лясных грузаў, хімікатаў, соды, збожжа, жмыха з 26 кастрычніка 2012 года вырастуць на 31,6%, з 26 лістапада - на 17%.
Тарыфы на перавозкі вугалю, будаўнічых матэрыялаў, цэменту, прамысловай сыравіны і фармовачных матэрыялаў, руды жалезнай і марганцавай з 26 кастрычніка паднімуцца на 19,2%, з 26 лістапада - яшчэ на 6%.
Тарыфы на перавозкі іншых відаў грузаў, а таксама на дадатковыя работы і паслугі з 26 кастрычніка павялічацца на 31,6%, з 26 лістапада года - на 17%.
У каментары адзначаецца, што павышэнне тарыфаў праводзіцца ў сувязі з неабходнасцю іх уніфікацыі ў рамках АЭП.
Як раней паведамлялася, Беларусь, у ліку дакументаў па фарміраванні АЭП, падпісала і ратыфікавала Пагадненне аб рэгуляванні доступу да паслуг чыгуначнага транспарту, уключаючы асновы тарыфнай палітыкі.
У адпаведнасці з дакументам, Беларусь, Расея і Казахстан прынялі на сябе абавязацельствы да 1 студзеня 2013 года ўніфікаваць тарыфы на паслугі чыгуначнага транспарту па перавозцы грузаў на тэрыторыі сваіх дзяржаў.