25 красавiка 2024, Чацвер, 12:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск не збіраецца спыняць кантрабанду

55
Менск не збіраецца спыняць кантрабанду

На думку аналітыкаў, Менск працягвае пастаўкі нафтапрадуктаў без выплаты пошлін у расейскі бюджэт.

Гэта адбываецца нават падчас спецыяльнага расследавання Масквы, перадае Deutsche Welle.

Нагадаем, што Расея западозрыла краіну-саюзніцу ў невыкананні абавязацельстваў, калі Беларусь у 2012 годзе рэзка павялічыла аб'ёмы продажаў растваральнікаў і біядызелю, спасылаючыся на дамову аб бязмытным вывазе. Па некаторых дадзеных, толькі за мінулы год расейскі бюджэт недаатрымаў каля 2 мільярдаў даляраў. Эксперты лічаць разгляд па гэтай справе неаб'яўленай «нафтавай вайной», якую выйграе не Беларусь, а Расея.

Адміністрацыйныя меры супраць абяцанняў

Загадчык сектарам эканомікі фонду «Інстытут энергетыкі і фінансаў» (Масква, Расея) Сяргей Агібалаў заявіў, што Масква павінна была адрэагаваць значна раней на недагляды ў ранейшай дамове ў рамках Мытнага саюза, якія дазволілі Беларусі гандляваць без пошлін некаторымі відамі нафтапрадуктаў. Менск карыстаецца гэтай шчылінай ужо другі год, і апетыты яго растуць. Пры гэтым, заўважае эксперт, Беларусь перашкаджае падпісанню новых дамоўленасцей аб увядзенні экспартных пошлін на ўсе нафтапрадукты. Пакуль беларусы пераключыліся на экспарт біядызелю, за які ў адпаведнасці з ранейшай дамовай таксама не выплочваецца пошліна ў бюджэт Расеі.

Па словах эксперта, расейская ўрадавая камісія, ацаніўшы маштаб шкоды, нанесенай бяспошлінным гандлем, звярнулася ў органы Еўразійскай эканамічнай камісіі аб пераглядзе ставак пошлін пры экспарце некаторых відаў нафтапрадуктаў за межы Мытнага саюза.

Як мяркуе аналітык, Расея валодае досыць шырокім спектрам метадаў уздзеяння на Беларусь - пачынаючы ад карэкціроўкі аб'ёмаў пастаўкі нафты да прыпынення чарговых траншаў крэдыту ЕўрАзЭС. «Аб'ектыўныя прычыны для такіх абмежаванняў з расейскага боку ўжо паўсталі - адмова ад прыватызацыі ліквідных актываў на карысць расейскіх набытчыкаў, якую Беларусь з году ў год толькі абяцае», - кажа Сяргей Агібалаў. А Менску з яго непрадуманай макраэканамічнай палітыкай няма куды ісці, акрамя як на паклон да Масквы, лічыць ён.

«Ты і я - мы абодва маем рацыю»

Між тым дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМА Кірыл Коктыш адзначае, што ў спрэчцы аб продажы нафтапрадуктаў абодва бакі маюць рацыю. Беларусь - у тым, што паводле дамовы ў рамках Мытнага саюза не парушала права экспартаваць растваральнікі і біядызель без пошлін, а Расея - у тым, што недагляд юрыстаў пры складанні дамовы прывёў да страт для расейскага бюджэту.

Працяг Беларуссю бяспошліннага экспарту падчас працы расейскай урадавай камісіі аналітык тлумачыць тым, што «беларускі бок будзе выкарыстоўваць усе акалічнасці па выманні грошай», нават падчас скандалу, пакуль не падпісаныя новыя ўмовы дамовы з Расеяй аб экспарце нафтапрадуктаў з Мытнага саюза. Тым больш, што такі гандаль толькі за мінулы год прынес у бюджэт Беларусі больш за 1,5 мільярда даляраў, кажа Коктыш.

Але, заўважае эксперт, пакуль Расея падчас разбору абрала мяккі сцэнар, які дае шанец Менску «захаваць твар» пры ўмове безумоўнага падпісання дадатковага пагаднення аб экспартных пошлінах. Калі Менск будзе ўпарціцца, Масква можа вылучыць абвінавачанне, што пад выглядам «растваральнікаў» на экспарт без пошлін пастаўляўся бензін і дызельнае паліва. «А гэта можа быць кваліфікавана, як парушэнне Менскам дамовы аб вяртанні пошлін і пагражае жорсткім сцэнарам - санкцыямі для Беларусі», - перакананы Кірыл Коктыш.

Непазбежнасць саюзніцкіх войн

Каментуючы чарговую эканамічную вайну паміж краінамі-саюзніцамі, кіраўнік аддзела Расеі Цэнтра ўсходніх даследаванняў у Варшаве Марэк Менкішак падкрэслівае, што бакі асуджаныя на такога роду канфлікты. Яны ўзнікаюць, у асноўным, з-за таго, што Менск за кошт Масквы імкнецца захаваць стабільнасць палітычнай сістэмы, адзначыў польскі эксперт. Расея ж зацікаўлена ў тым, каб паменшыць аб'ём уласных датацый у Беларусь. Сутыкненне гэтых інтарэсаў заўсёды будзе служыць асновай для чарговых разглядаў у рамках інтэграцыі, ініцыяванай Расеяй, лічыць Менкішак.

Беларуская эканоміка знаходзіцца ў вялікай залежнасці ад Расеі, таму ў Масквы дастаткова інструментаў уплываць на развіццё сітуацыі, кажа Менкішак. Паводле яго слоў, ціск з боку Расеі прымусіць Менск да перамоў, якія ў выніку прывядуць да кампрамісу. Эксперт сцвярджае, што гэта дасць магчымасць Беларусі захаваць частку прыбытку, і ў той жа час абавяжа яе дзяліцца даходамі з Расеяй і выконваць дамовы ў рамках Мытнага саюза.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках