За пратэрміноўку крэдытаў забіраюць правы і мабільнікі
95- 1.11.2012, 9:02
У беларускіх банках за пратэрміноўкі выплат па крэдытах адчувальна б'юць рублём.
«Калі ў вас крэдыт на жыллё пад 32%, то за кожны дзень пратэрміноўкі на пазыку па адсотках будзе налічвацца двайны адсотак», - кажуць у «Белаграпрамбанку».
Пакаранне суровае: пратэрмінаваў адзін дзень - і адсотак вырасце да 74%, паведамляе «Еўрарадыё».
З сакавіка банк можа звярнуцца ў суд і зрабіць пакаранне яшчэ больш адчувальным.
«Праз суд мы можам адабраць правы кіроўцы, арыштаваць мабільную сувязь, абмежаваць выезд за мяжу», - тлумачаць у «Белінвестбанку».
Судовыя выканаўцы раённых судоў Менска кажуць, што адбіранне праў - самая крайняя мера.
«Гэта вельмі клопатная працэдура. Мы павінны даведацца, ці ёсць у чалавека гэтыя правы, і праз ДАІ адбіраць пасведчанне кіроўцы. Але гэта зусім крайняя мера - пасля яе людзі звычайна вельмі хутка аплочваюць усе свае запазычанасці», - распавядаюць у судзе Савецкага раёна.
Часцей жа чалавеку проста абмяжоўваюць выезд за мяжу. У палове выпадкаў пакаранне сябе апраўдвае. Судовыя выканаўцы мяркуюць, што ўдзельная вага колькасці даўжнікоў па крэдытах немаленькая - каля 20% ад усіх судовых пастаноў у судзе Савецкага раёна. Такія ж лічбы агучваюць і ў Кастрычніцкім раёне, і ў Першамайскім.
Нячаста судовыя выканаўцы арыштоўваюць мабільную сувязь. Грошы з мабільнага тэлефона пералічваюцца на карысць банка або ўстановы, якім павінен даўжнік.
«Вядома, на тэлефон звычайна кладуць невялікія сумы грошай, але гэтая мера простая і надзвычай дзейсная. Шмат у каго нумары тэлефонаў вельмі доўга, і там шмат кантактаў, сувязь з якімі перарываецца. Калі чалавек падключыцца зноў на сябе - гэты нумар зноў жа блакуецца. На іншых жа людзей доўга падключацца не будзеш», - кажа галоўны судовы выканаўца суда Баранавічаў і Баранавіцкага раёна.
Дарэчы, у Баранавічах неўзабаве гэтыя меры будуць прымяняць часцей.
«З пачатку дзеяння меры, з гэтага сакавіка, з 33 даўжнікоў 21 чалавек знайшоў грошы. Значыць, будзем ставіць гэтую меру на паток», - кажуць у Баранавічах.
Незалежны адвакат Аляксей Бераснёў лічыць, што гэта занадта «драконаўская норма» для простых людзей: «Можа, для злосных парушальнікаў гэтая мера і добрая, але для звычайных людзей - занадта».