24 красавiка 2024, Серада, 4:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Стрыжак: Начальства сунімае незадаволенасць працоўных ад нізкіх заробкаў

5
Андрэй Стрыжак: Начальства сунімае незадаволенасць працоўных ад нізкіх заробкаў

Эксперт пракаментаваў забарону працоўным «Сарыя Бія-Індастрыз» распавядаць пра свой заробак.

«Сапраўды, інфармацыя пра заробак можа быць занесеная ў сферу камерцыйнай таямніцы. Працоўны Кодэкс, які мае большую юрыдычную сілу, чым Пастанова Урада, дае такое права наймальніку. У якасці аналогіі магу назваць кампанію «Белтрансгаз», якая таксама не дазваляе сваім працаўнікам распавядаць пра заробкі. Гэта робіцца працадаўцам для таго, каб схаваць інфармацыю пра агульны эканамічны стан прадпрыемства», - распавёў сайту charter97.org каардынатар моладзевай сеткі Прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Андрэй Стрыжак.

Эксперт называе і іншыя чыннікі, згодна з якімі працоўным маглі забараніць казаць пра заробкі, асцерагаючыся небяспекі прамысловага шпіянажу:

«Гэта маглі зрабіць таксама і для таго, каб выключыць магчымасць прамысловага шпіянажу, ці, як сцвярджаюць крыніцы на прадпрыемстве, «нармалізаваць атмасферу ў калектыве», гэта значыць, папросту суняць незадаволенасць працаўнікоў ад іхных нізкіх заробкаў».

Калі б на «Сарыя Бія-Індастрыз» былі незалежныя прафзвязы, то яны маглі б не дапусціць такіх забарон, лічыць Андрэй Стрыжак:

«Напэўна, калі б на прадпрыемстве дзейнічалі незалежныя прафзвязы, то пры ўкладанні калектыўнага пагаднення можна было б асобным радком прапісаць магчымасць выдавання такой інфармацыі. Тут усё залежыць ад таго, наколькі гэта закранае інтарэсы працаўнікоў. Калі проста ёсць такая забарона — гэта адное, а калі гэтая забарона была ўведзеная разам з раптоўным паніжэннем заробку — гэта ўжо зусім іншая сітуацыя».

Цяпер у вытворчай і гандлёвай сферах з'яўляецца ўсё больш забарон, адзначыў каардынатар моладзевай сеткі прафзвязу РЭП:

«У апошні час вельмі шмат рэчаў спрабуюць падвесці пад камерцыйную таямніцу. Напрыклад, у крамах забараняюць фатаграфаваць, таму што гэта можа выдаць схему выкладкі тавараў».

Нагадаем, надоечы працаўнікам заводу «Сарыя Бія-Індастрыз» у Бярозаўскім раёне забаранілі агучваць свае заробкі. Ад супрацоўнікаў замежнага прадпрыемства адміністрацыя патрабуе падпісаць адпаведную паперу.

Раней юрысты называлі гэтую забарону незаконнай, спасылаючыся на пастанову Урада ад 6-га лістапада 1992г. № 670, паводле якой камерцыйнай таямніцай не з’яўляюцца звесткі пра колькасць і склад працаўнікоў, іхныя заробкі.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках