Катарскі інвестар: Сакрэт поспеху ў Беларусі - сяброўства з уладамі
19- 15.11.2012, 16:25
Дырэктар катарскай кампаніі падзяліўся сакрэтамі вядзення бізнесу ў Беларусі.
Інвестфонд Узброеных сіл Катара актыўна ўзяўся за будаўніцтва гасцінічна-спартыўнага комплексу па праспекце Пераможцаў, недалёка ад Футбольнага манежа ў Менску. Падчас пленарнага пасяджэння ў рамках Менскага інвестыцыйнага дня ў дырэктара інвестыцыйнай кампаніі «Сокал», якая рэалізуе гэты праект, Тані аль-Кувары спыталі, у чым сакрэт поспеху. Бо рэалізацыя шэрагу падобных праектаў цягнецца гадамі, піша TUT.by.
«Нас падтрымліваюць ўрады Беларусі і Катара. Мы ўдзячныя за дапамогу Менгарвыканкаму», - сказаў аль-Кувары. «Трэба сябраваць з мэрыяй», - дадаў ён. Раней катарскі бізнэсмэн прызнаўся, што «дапамогу ў рэалізацыі праекта аказалі адміністрацыя Лукашэнкі і Менгарвыканкам».
Тані аль-Кувары запэўніў, што да траўня 2014 года гасцінічна-спартыўны комплекс будзе пабудаваны. «Агульны аб'ём інвестыцый у праект складзе 170 млн даляраў», - сказаў ён.
Комплекс будзе ўключаць пяцізоркавую гасцініцу на 225 нумароў, шматфункцыянальную трансфармуемую спартыўную залу для гульнявых відаў спорту з трыбунай на каля 1500 месцаў; аднаўленчы цэнтр з плавальным (25 м) і скачковым басейнамі; стралковы цір; паркінг, СПА-цэнтр і інш.