19 красавiка 2024, Пятніца, 11:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міхаіл Русы: У вяскоўцаў ёсць аўтамабілі, трактары і магчымасць адпачынку на моры

262
Міхаіл Русы: У вяскоўцаў ёсць аўтамабілі, трактары і магчымасць адпачынку на моры

Віцэ-прэм'ер упэўнены, што жыхары беларускіх вёсак жывуць у прасторных хатах і маюць замежныя аўтамабілі.

Міхаіл Русы ў інтэрв'ю газеце «Звязда» заявіў, што за апошнія 5 гадоў змянілася не толькі беларуская вёска, але і яе жыхары. Здароўе вяскоўцаў лепшае, чым у гараджан. Свежае паветра, экалагічная ежа і чыстая вада сталі ледзь не самай дарагой раскошай у свеце, але для нас, са слоў Русага, гэта штодзённасць, піша onliner.by.

«Што такое беларускі вясковец сёння? — задаецца пытаннем віцэ-прэм'ер. — Гэта малады, прыгожы, упэўнены ў сабе чалавек, добры гаспадар і сем'янін, рознабакова развіты і з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Досыць паглядзець на пераможцаў «Дажынак», каб пераканацца ў гэтым. Зазвычай жыве ён у прасторнай хаце з газавым ацяпленнем і цэнтральным водаправодам, мае легкавы аўтамабіль замежнай вытворчасці 7—10 гадоў эксплуатацыі, трактар і тэхніку на ўласным двары. На жаль, вясковец, адрозна ад гарадскога жыхара, не можа гэтак жа вольна спланаваць свой адпачынак, бо ягоная праца мае сезонны характар, і з вясны да восені ён прывязаны да зямлі. Тым не менш, фінансава ён можа сабе дазволіць паехаць з сям'ёй на мора, у курортныя мясціны Беларусі ці за мяжу».

Са слоў Русага, паволі аграгарадкі набліжаюць варункі жыцця вяскоўцаў да гарадскіх. У буйных вёсках працуюць дамы культуры з філарманічнымі ці тэатральнымі пляцоўкамі, бібліятэкі з доступам у інтэрнэт, дзіцячыя школы мастацтваў ці класы з мастацкімі спецыяльнасцямі, фізкультурна-спартовыя цэнтры, дамы рамёстваў.

Да жыхароў невялікіх вёсак прыязджаюць аўтаклубы, бібліятэкі на колах, перасоўныя відэакомплексы. Што да талентаў, то вяскоўцы па-ранейшаму могуць даць фору кожнаму месцічу. «Яны, можа, бо бліжэй да прыроды і каранёў, глыбей адчуваюць прыгажосць і суладдзе, больш аптымістычна глядзяць на навакольны свет», — сказаў віцэ-прэм'ер.

Напісаць каментар 262

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках