19 красавiка 2024, Пятніца, 14:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ля школ масава «перапісваюць» аўтаўладальнікаў

108
Ля школ масава «перапісваюць» аўтаўладальнікаў

Трагедыя, калі ў менскім мікрараёне Сухарава пад коламі аўтамабіля ля школьнага ганка загінуў трэцякласнік, выклікала кампанію масавых праверак аўтааматараў.

Вялікая колькасць інспектараў ДАІ была накіравана да школ пасля таго, як на гэты выпадак падчас нарады звярнуў увагу Лукашэнка, перадае «Радыё Свабода».

На вуліцы Кунцаўшчына ў аднайменным мікрараёне Менску абапал вузкай дарогі лепяцца адна да адной тры школы, тры дзіцячыя садкі і дзве дзіцячыя паліклінікі. Як кажа адна з маці, якая штодня падвозіць у школу сваё дзіця, раніцай тут творыцца нешта неймавернае — вузкі праезд умомант пераўтвараецца ў закаркаваную гарлавіну, а дзесьці прыпаркавацца немагчыма ў прынцыпе:

«Ды канечне, нічога няма, увогуле ніякіх умоў, ні для кога. Вось мы 15 гадоў возім у гімназію дзяцей, ужо трэцяга дзіцёнка, і нічога да лепшага не змяняецца. Ніякіх новых парковак няма, дарога як была вузкая, так усё і застаецца. Хоць — не, змены ўсё ж ёсць: з кожным годам дарога загружаная ўсё больш і больш. Кожнага дня а 8-й раніцы — сапраўдны транспартны калапс, калі разам збіраюцца ўсе школы, дзіцячыя садкі і паліклінікі. Збіраецца вялізная колькасць машын і, канечне, часам даводзіцца ездзіць і па бардзюрах, і па газонах. Таму што папросту падзецца няма куды», - распавядае жанчына.

Дарэчы, менавіта тут месціцца і адна з рэдкіх для Менску беларускамоўных гімназій, куды з-за дыскрымінацыі роднай мовы бацькі вымушаныя вазіць сваіх дзяцей ня толькі з іншых менскіх раёнаў, але і з прыгараднага Тарасава, а таксама з Ратамкі, Ждановічаў, нават з Ракава і Івянца — гімназія № 4 стаіць якраз пры ўездзе з гарадзенскай трасы.

Каб высадзіць малых пасажыраў, кіроўцы міжволі вымушаныя заварочваць у школьныя лабірынты. Балазе ніякіх абмежавальных знакаў ля адукацыйных і мэдычных устаноў няма. Прынамсі, дагэтуль. Аднак сёння тут кіроўцаў ужо чакалі супрацоўнікі ДАІ, участковыя ды іншыя міліцэйскія чыны. Усіх, хто збочыў з умоўна цэнтральнай дарогі, неадкладна перапісвалі. Прычым фіксаваліся нумары нават тых аўтамабіляў, якія разварочваліся і проста на метар-другі прасунуліся ў вузкі праезд да школы. Што інкрымінуецца за ўезд на тэрыторыю, не абсталяваную нават папераджальнымі знакамі, — даішнікі казаць адмаўляліся.

Бацькі абураюцца: раскрытыкаваныя Лукашэнкам падпарадкаваныя службы пераходзяць мяжу разумнага:

«Проста дзіву даешся, як дзейнічае ўся гэтая наша сістэма. Пакуль нейкая трагедыя ня здарыцца, ніхто нічога ня бачыць, як быццам з заплюшчанымі вачыма ходзяць — і ў школьнай адміністрацыі, і ў ДАІ, і ў дарожных службах. І ўсё добра, пакуль нехта не загіне. Вось тады сістэма пачынае працаваць. Прычым пачынае працаваць выключна з пазіцыі карных функцыяў. Зараз перапісваюць нумары аўтамабіляў, а потым чакайце непрыемнасцяў. А праблема ў корані ўсё роўна не вырашаецца — дарога сама па сабе шырэйшая ня стане, парковак не дадасца. Ня ведаю нават, што рабіць далей».

Арыенціры змагання за бяспеку на школьных тэрыторыях пры канцы мінулага тыдня акрэсліў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Праўда, абвінаваціўшы іншых, так і не даручыў нешта рэальна зрабіць дзеля нармалізацыі становішча ў раёнах, якія ў выніку палітыкі «ўшчыльнення» перанаселеныя і людзьмі, і транспартам:

«Трэба жорстка разабрацца з ДАІ, занадта ўжо часта я чую нараканні на адрас гарадскога ДАІ асабліва. Там ёсць гэты «ляжачы паліцэйскі»? Самі б леглі разам з участковым. Вось ваша пазіцыя. Па-першае. Па-другое. Ну, вы пабудавалі новую школу. Чаму гэтая школа голая? Чаму вы не абгарадзілі гэтую пляцоўку і ўсю школьную тэрыторыю плотам, каб дзеці не маглі выскачыць за тэрыторыю, а бацькі не маглі заняць асабістымі аўтамабілямі гэтую пляцоўку перад школай? Чаму вы не абгарадзілі яе хоць бы драўляным плотам? Вы гэтага не зрабілі — значыць, вы вінаватыя. Нарэшце, і бацькі вінаватыя. Пляцоўку ўсю прыватнымі аўтамабілямі занялі, прыехалі крутыя. Дзеці павыскоквалі на дарогу, таму што занялі іх тэрыторыю».

Вынікам лукашэнкаўскай крытыкі сталі рапарты аб адстаўцы, пададзеныя сёння вышэйшаму кіраўніцтву ад імя намесніка начальніка ўпраўлення ДАІ Менгарвыканкаму Канстанціна Страха і начальніка аддзелу ДАІ адміністрацыі Фрунзенскага раёну сталіцы Юрыя Жыхарава.

Тым часам у менскай міліцыі паведамілі, што ад сёння ля сталічных школаў пачалі дзяжурыць супрацоўнікі ДАІ. Патруль будзе несці службу ад пачатку заняткаў да іх заканчэння. Асабліва пільна будуць сачыць інспектары за ўездам прыватнага транспарту на тэрыторыю навучальных устаноў.

Напісаць каментар 108

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках