16 красавiка 2024, aўторак, 13:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катаванні ў менскіх РУУС: як у гестапа

468
Катаванні ў менскіх РУУС: як у гестапа

(абноўлена) Вартаўніка аўтастаянкі 6 гадзін катавалі ў Ленінскім РУУС Менска.

Для большай эфектыўнасці «следчых» мерапрыемстваў міліцыянты выкарыстоўвалі дубінкі і кайданкі, а калі «злачынец» губляў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой, піша праваабарончая арганізацыя «Платформа».

Тое, што на першы погляд здаецца неверагодным, апынулася цалкам рэальнай гісторыяй, якая адбылася 14 лістапада 2012 года з Васілём Мікалаевічам Сарочыкам, вартаўніком аўтастаянкі УП «Рамэн» па вуліцы Малініна ў Менску.

Як паведаміў пенсіянер праваабаронцам, у пункт аховы аўтастаянкі, дзе ён працуе, завіталі два супрацоўнікі праваахоўных органаў (адзін з іх быў у цывільным). Не прад'яўляючы якіх-небудзь дакументаў, яны загадалі Васілю Сарочыку збірацца і ісці з імі ў Ленінскі РУУС. Якія менавіта падставы для затрымання ў іх ёсць, міліцыянты не патлумачылі і толькі дазволілі вартаўніку выклікаць уладальніка аўтастаянкі, калі той растлумачыў, што не можа пакінуць стаянку без нагляду.

Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай частцы Ленінскага РУУС, затым за ім прыйшла маладая жанчына ў цывільным і запрасіла яго прайсці з ёй у кабінет 235, на чацвёртым паверсе будынка РУУС. Як пазней стала вядома, маладая жанчына ў цывільным - гэта Багданоўская Ж.П., оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС, якая ў працэсе «допыту» прадставілася яшчэ і... «гаспадыняй рынка «Свелта», які, відавочна, знаходзіцца пад «дахам» Ленінскага РУУС у старых традыцыях 90-х.

У кабінеце Багданоўская Ж.П. нечакана апранула на Васіля Мікалаевіча кайданкі (у становішчы рукі за спіной) і... пачала збіваць пажылога мужчыну, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на аўтастаянцы. Вартаўнік, які нічога не разумеў, паспрабаваў растлумачыць, што не ўяўляе аб чым ідзе гаворка, што яшчэ больш раззлавала жанчыну, і яна пачала з азвярэннем збіваць мужчыну нагамі па галаве і целе.

Перыядычна да збіцця «падключаліся» іншыя супрацоўнікі РУУС, асобы якіх устанавіць пакуль не ўдалося. Не атрымаўшы інфармацыі, якая іх цікавіла, следчыя ўжылі да пенсіянера так званую «ластаўку», суправаджаючы катаванні матам і пагрозамі забойства.

У такім становішчы пастаянна збівалі Сарочыка не менш за тры гадзіны. Увесь гэты час садысты спрабавалі пераканаць яго ў тым, што ён злодзей і патрабавалі прызнацца, куды ён дзеў скрадзены граніт для вырабу надмагілляў і помнікаў, які належыць ІП Безручонак А.В. Акрамя граніту, па версіі следчых, Васіль Мікалаевіч краў салярку і акумулятары з машын, а таксама перыядычна рабаваў кіёскі, размешчаныя на рынку «Свелта». Пагадзіцца з тым, што ён злодзей, ды яшчэ такога шырокага профілю, пенсіянер не мог, таму ўсе адмаўляў, за што і атрымліваў удары нагамі па галаве і целе.

Пасля гадзіннага перапынку (каты, відавочна, адпачывалі і абедалі), які Васіль Сарочык правёў у камеры без кайданкоў, збіццё працягвалася, ужо з прымяненнем дубінак. Калі сілы пакідалі мужчыну і ён губляў прытомнасць, яго прыводзілі ў пачуццё, абліваючы халоднай вадой...

Калі Васілю Мікалаевічу стала зусім дрэнна, пасля атрыманага страсення мозгу, Багданоўская Ж.П. «праявіла міласэрнасць» і дала яму таблетку «Цытрамон» (прэпарат, які выкарыстоўваецца для купіравання галаўнога болю). Наіўна лічачы, што міліцыянты пераканаліся ў яго стойкасці і на гэтым катаванні спыняцца, Васіль Сарочык з радасцю прыняў прапанаваные лекі. Аднак лекі яшчэ не паспелі падзейнічаць, калі міліцыянты зноў пачалі яго збіваць, а супрацоўніца РУУС стала ўжываць яшчэ больш выдасканаленыя катаванні.

Садысты неаднаразова пагражалі перавесці Сарочыка на трэці паверх будынка, дзе нібыта існуе кабінет, у якім можна яшчэ і падвесіць дапытванага. Далей пагроз справа не пайшла і застаецца толькі здагадвацца, каго ў той дзень маглі катаваць ў «катоўні» на трэцім паверсе Ленінскага РУУС.

Адметна тое, што падчас катаванняў Васіля Сарочыка, з оперупаўнаважанай Багданоўскай Ж.П. стэлефаноўваўся... Безручонак Аляксандр Уладзіміравіч, у якога вартаўнік нібыта скраў граніт і якому Багданоўская давала справаздачу аб ходзе «расследавання».

Акрамя таго, ходам допыту з прыхільнасцю цікавіліся яшчэ двое супрацоўнікаў, якія тэлефанавалі Багданоўскай і пыталіся як прасоўваецца справа. На жаль, пенсіянер, які атрымаў страсенне мозгу, не запомніў прозвішчаў тых, хто тэлефанаваў, спадзяемся, што для супрацоўнікаў пракуратуры не складзе цяжкасці высветліць іх, запытаўшы раздрукоўку тэлефонных званкоў на мабільны тэлефон Багданоўскай Ж.П.

Каля 18.30 на тэлефон Багданоўскай Ж.П. паступіў званок, які спыніў пакуты пенсіянера. Аформіўшы дакументы, якія Васіль Сарочык нават не змог прачытаць і даўшы яму падпісаць, як мяркуецца, пастанову аб затрыманні, следчы адпусціла ахвяру дадому.

Не менш шакіруюча павялі сябе ў гэтай сітуацыі і медыкі, да якіх звярнуўся пенсіянер. Візіт у прыёмны пакой 10 гарадскога клінічнага шпіталя не даў ніякага выніку. Для правядзення агляду нанесеных Сарочыку цялесных пашкоджанняў медыкі запатрабавалі накіраванне з РУУС. Дзіўна нават уявіць сабе, што супрацоўнікі міліцыі, якія збівалі затрыманага, напрыканцы выпішуць сваёй ахвяры падобнае накіраванне. Тым больш, што адна толькі думка зноў вярнуцца ў РУУС Ленінскага раёна прыводзіла Васіля Сарочыка ў жах.

Напісаўшы заяву ў пракуратуру Ленінскага раёна Менска і атрымаўшы накіраванне на агляд, Васіль Мікалаевіч змог зафіксаваць пабоі і звярнуўся ў ІАУ «Платформа» з просьбай аб дапамозе.

Па дадзеным факце ІАУ «Платформа» накіравала паведамленні ў Генеральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь.

Праверку па заяве менскага вартаўніка пра тое, што яго збівалі на допыце ў міліцыі, будзе праводзіць Ленінскі раённы аддзел упраўлення Следчага камітэта па Менску.

«Дадзеная асоба звярнулася ў пракуратуру з заявай, яго заява была прынятая, вынесена пастанова аб прызначэнні судова-медыцынскай экспертызы. У адпаведнасці з патрабаваннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, матэрыялы для правядзення праверкі накіраваныя ў Ленінскі раённы аддзел СК па Менску», - паведаміў агенцтву «Інтэрфакс-Захад» у сераду старэйшы памочнік пракурора Менска Сяргей Балашоў.

Напісаць каментар 468

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках