16 красавiка 2024, aўторак, 8:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расправа над «Вясной»

69
Расправа над «Вясной»

Офіс і маёмасць праваабарончага цэнтра канфіскаваныя.

Менавіта тут на працягу 12 гадоў аказвалася дапамога рэпрэсаваным грамадзянам, арганізоўваліся прэс-канферэнцыі аб парушэннях праў чалавека і іншыя праваабарончыя мерапрыемствы.

Раніцай у офіс праваабаронцаў прыйшлі судовыя выканаўцы, міліцыя і прадстаўнікі Гаргазу, якія правялі працэдуру канфіскацыі маёмасці і апячаталі офіс. Кватэра па адрасе пр. Незалежнасці, 78а, будзе апячатаная да таго часу, пакуль праваабаронца Алесь Бяляцкі, які ў ёй зарэгістраваны, знаходзіцца ў турме. Пасля таго, як палітвязень выйдзе на свабоду, будзе вырашацца пытанне з яе канфіскацыяй.

На думку праваабаронцаў, такім чынам улады «адзначаюць» гадавіну прысуду старшыні «Вясны» Алеся Бяляцкага. 24 лістапада 2011 года ён быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці нібыта за нявыплату падаткаў, піша ПЦ «Вясна».

За некалькі хвілін да канфіскацыі офіса і маёмасці намеснік старшыні ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч зрабіў заяву, прынятую Саветам арганізацыі. У ёй адзначаецца, што страта офіса - сур'ёзны ўдар для «Вясны», аднак гэта не спыніць праваабарончую дзейнасць. Арганізацыя працягне дапамагаць людзям, чые правы парушаюцца, а таксама адсочваць агульную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Падтрымаць «Вясну» прыйшлі праваабаронцы, сярод якіх Алег Волчак і Раіса Міхайлоўская. У офісе на сцяне вісіць ліст паперы, дзе распісваюцца з пажаданнямі ўсе, хто прыйшоў падтрымаць праваабаронцаў.

Праваабаронца Таццяна Рэвяка распавяла, што рух «За свабоду» дае «Вясне» ў сваім офісе пакой для грамадскай прыёмнай, дзе будзе весціся прыём грамадзян. Астатнія супрацоўнікі будуць працаваць, пакуль па кватэрах.

Нагадаем, 17 лістапада жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук атрымала ліст з суда Першамайскага раёна Менска за подпісам судовага выканаўцы А.Рандзевіч аб тым, што 26 лістапада адбудзецца канфіскацыя маёмасці і офіса праваабарончага цэнтра «Вясна».

12 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтра «Вясна» знаходзіўся ў кватэры на праспекце Незалежнасці 78а-48. Гэтая кватэра была набытая ў 2000 годзе і па рашэнні савета «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Паводле прысуду, гэты офіс павінен быць канфіскаваны.

Фота «Радыё Свабода»

Фота Міхаіла Мацкевіча

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках