19 красавiка 2024, Пятніца, 15:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пратэсты ў Егіпце: Мы не хочам новай дыктатуры

11
Пратэсты ў Егіпце: Мы не хочам новай дыктатуры

Удзельнікі масавай акцыі пратэсту ў Егіпце працягваюць патрабаваць адмены ўказу прэзідэнта Махамеда Мурсі.

Дзесяткі тысяч чалавек прынялі ўдзел у акцыях пратэсту ў аўторак. Гэта была адна з найбуйнейшых дэманстрацый з часу звяржэння Хосні Мубарака ў студзені 2011 года, перадае ВВС.

Прэзідэнт Махамед Мурсі заявіў, што ўказ, які забараняе, у прыватнасці, аспрэчваць яго рашэнні ў судах, - гэта часовая мера. Аднак прэзідэнт адмовіўся адмяніць яго.

Праціўнікі Мурсі заклікалі правесці масавыя акцыі пратэсту ў пятніцу.

Рух «Браты-мусульмане» планаваў правесці масавую акцыю ў аўторак, але адмяніў яе, каб не «ўскладняць сітуацыю».

Актывісты руху заявілі тым не менш, што могуць мабілізаваць «мільёны» егіпцян у падтрымку прэзідэнта.

Прыхільнікі прэзідэнта Мурсі кажуць, што яго дэкрэт быў неабходны, каб абараніць дасягненні рэвалюцыі ад судзейскага корпуса, цесна звязанага з рэжымам Мубарака.

Аднак удзельнікі дэманстрацый, якія пратэстуюць супраць новага дэкрэта прэзідэнта, апублікаванага ў мінулы чацвер, сцвярджаюць, што «Браты-мусульмане» здрадзілі рэвалюцыю 2011 года.

Як паведамляе інфармацыйнае агенцтва Mena, у сераду прэм'ер-міністр Егіпта правядзе пасяджэнне ўрада для таго, каб абмеркаваць сітуацыю, якая склалася ў краіне.

«Гульня з агнём»

Праціўнікі прэзідэнта Мурсі працягваюць акупаваць плошчу Тахрыр у Каіры.

Некалькі сотняў з іх мінулай ноччу ўдзельнічалі ў сутыкненнях з паліцэйскімі, якія ўжылі слёзацечны газ.

«Народ патрабуе звяржэння рэжыму!» - такі лозунг выкрыквалі ўдзельнікі дэманстрацыі. Гэта патрабаванне было лозунгам падчас дэманстрацый супраць былога прэзідэнта Мубарака ў 2011 годзе, якія прывялі да яго адстаўкі.

«Мы не хочам новай дыктатуры», - сказаў 32-гадовы ўдзельнік дэманстрацыі Ахмед Хусэйні. «Рэжым Мубарака быў дыктатурай. Мы зрабілі рэвалюцыю дзеля свабоды і справядлівасці».

У аўторак таксама прайшлі пратэсты ў Александрыі, Суэцы, Эль-Міньі і іншых гарадах дэльты Ніла.

Па паведамленнях медыкаў, у горадзе Эль-Махала-эль-Кубра раненні атрымалі больш за 100 чалавек, калі ўдзельнікі пратэстаў закідалі сваіх праціўнікаў камянямі і бутэлькамі з запальнай сумессю.

Былі здзейсненыя напады на будынкі рэгіянальных аддзяленняў руху «Братоў-мусульман».

«Наступная пятніца стане вырашальным днём», - заявіў удзельнік пратэстаў у Каіры Іслам Баюмі ў інтэрв'ю.

«Калі пратэстоўцы будуць працягваць аказваць такі ж ціск на прэзідэнта і зноў выйдуць на вуліцы, яны змогуць прымусіць прэзідэнта выратаваць канстытуцыю», - дадаў ён.

«Грамадзянскае насельніцтва гуляе з агнём. Гэта вельмі небяспечна», - заявіў у інтэрв'ю высокапастаўлены прадстаўнік «Братоў-мусульман» Саад Эмара.

Ён сказаў, што прэзідэнт не пойдзе на далейшыя саступкі.

У дэкрэце прэзідэнта Мурсі, вядомым як «канстытуцыйная дэкларацыя», гаворыцца, што ніхто не мае права аспрэчваць яго рашэнні.

Указ забараняе суддзям распускаць асамблею, якая піша новую канстытуцыю Егіпта. Прэзідэнт таксама атрымлівае права прымаць любыя меры, накіраваныя на захаванне канстытуцыі і нацыянальнага адзінства і забеспячэнне нацыянальнай бяспекі.

Запэўненні прэзідэнта Мурсі

У панядзелак прэзідэнт Мурсі запэўніў высокапастаўленых юрыстаў, што яго ўказ тычыцца толькі пытанняў, звязаных з суверэнітэтам краіны, і што яго мэта - абараніць інстытуты ўлады.

Аднак юрысты, якія прысутнічалі на сустрэчы з прэзідэнтам, сказалі, што яго запэўненні непераканаўчыя.

У наступную нядзелю канстытуцыйны суд Егіпта можа прыняць рашэнне аб роспуску канстытуцыйнай асамблеі насуперак указу прэзідэнта. Гэта можа далей накаліць абстаноўку.

У асамблеі пераважаюць актывісты «Братоў-мусульман» і іх саюзнікі-ісламісты.

Егіпецкі суд ужо распусціў ніжнюю палату парламента, у якой пераважалі «Браты-мусульмане».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках