16 чэрвеня 2019, Нядзеля, 0:44
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Магілёўскага ідэолага прыцягнуць да адказу за фашысцкі марш

30

Чыноўнік, адказны за ідэалогію ў горадзе, праявіў сваю некампетэнтнасць, дазволіўшы правядзенне акцыі прарасейскіх правых радыкалаў

Намеснік старшыні БСДП (Грамады) Ігар Барысаў напісаў скаргі ў пракуратуру, КДБ, гарвыканкам і адміністрацыю Лукашэнкі з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні гарвыканкама Мікалая Міхаленю за яго неабачлівасць, піша ПЦ "Вясна".

Паводле слоў Ігара Барысава, чыноўнік, адказны за ідэалогію ў горадзе, праявіў сваю некампетэнтнасць, дазволіўшы правядзенне акцыі прарасейскіх правых радыкалаў, якія прапагандуюць шавіністычную ідэю панславізма-манархізма.

«Праз скаргі я хачу атрымаць адказ наконт таго, на якой падставе было дазволена правядзенне антыканстытуцыйнага мерапрыемства прарасейскіх правых радыкалаў, якія не прызнаюць незалежнасць Беларусі і мараць аб аб'яднанні Расеі, Беларусі і Украіны ў адну дзяржаву. Я хачу, каб той, хто дазволіў гэта мерапрыемства, быў пакараны», - кажа Ігар Барысаў.

Пры гэтым ён не выключае магчымасці, што ідэолаг мог прагледзець той факт, што заяўка на правядзенне «Славянскага маршу» падавалася ад імя прыватнай асобы - Зміцера Дзенісенкі, і мог не ўбачыць таго, што гэта асоба з'яўляецца членам незарэгістраванай у Беларусі прарасейскай радыкальнай арганізацыі.

«Дзе гэта бачана, каб па Магілёве хадзіла калона падлеткаў і крычала прарасейскія лозунгі - «Слава Расеі!» або «Рускія наперад!» Я мяркую, што такое мерапрыемства мог дазволіць толькі чалавек, які з'яўляецца прыхільнікам шавіністычнай панславянскай ідэалогіі, якая ўзвышае славян у параўнанні з іншымі народамі», - адзначае Ігар Барысаў.

Хоць на гэты раз было забаронена выкарыстанне чорна-жоўта-белых сцягоў, ідэалагічных сімвалаў сучасных панславістаў-манархістаў, яны ўжо выкарыстоўваліся ў Магілёве раней.

«Ёсць відэа ў інтэрнэце, дзе паказана, як, напрыклад, 17 ліпеня 2011 года некалькі чалавек прабягалі з гэтымі сцягамі па Магілёве. Прычым мерапрыемства афіцыйна дазволена. Хто дазволіў выкарыстоўваць гэтую незарэгістраваную сімволіку - застаецца пытаннем. А як толькі выйдзеш у горад з нацыянальным бел -чырвона-белым сцягам - усё, КДБ і міліцыя, збягуцца, каб у цябе яго адабраць», - прыводзіць параўнанне Барысаў.

Нагадаем, што 25 лістапада ў Магілёве адбыўся «Славянскі марш». Мерапрыемства было санкцыянавана ўладамі. Там прысутнічала каля 40 чалавек. Многія з удзельнікаў прыехалі з іншых гарадоў. У шэсці і невялікім мітынгу таксама прыняў удзел экс-кандыдат у прэзідэнты Сяргей Рыжоў, які называе сябе сустаршынёй кансерватыўнай партыі «Белая Русь».

Варта дадаць, што акцыі апазіцыі ў Магілёве традыцыйна трапляюць пад забарону нават у адзіным дазволеным месцы стадыёне «Хімік». У бягучым годзе гарвыканкам адмовіў у правядзенні нават бяскрыўднай моладзевай акцыі - моладзь хацела абменьвацца абдымкамі з мінакамі, аднак ідэолагі ўбачылі ў гэтым нейкую небяспеку.