19 красавiка 2024, Пятніца, 23:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Па станоўчай допінг-пробе Ятчанка правядуць расследаванне

4
Па станоўчай допінг-пробе Ятчанка правядуць расследаванне

Бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў-2004 у кіданні дыска беларуска Ірына Ятчанка ўстрымліваецца ад каментароў па факце выяўлення ў яе допінг-пробе забароненага анабалічнага стэроіда аксандралона.

Пра гэта БелТА паведаміла прэс-аташэ Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Анастасія Марыніна.

Некалькі тыдняў таму ў прэсе з'явілася інфармацыя, што пры пераправерцы допінг-пробы, узятай у Ірыны Ятчанка падчас Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах, быў знойдзены забаронены прэпарат аксандралон.

«Міжнародны алімпійскі камітэт, Сусветнае антыдопінгавае агенцтва і Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі (ІААФ) правядуць сумесны разгляд па фактах станоўчых допінг-пробаў. Падчас правядзення разгляду ўся інфармацыя пераправяраецца і да абвяшчэння вынікаў у інтарэсах спартсменаў яна не выдаецца», - патлумачыла Анастасія Марыніна.

У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адзначылі, што па патрабаванні міжнародных арганізацый (МАК, ВАДА, ІААФ) Нацыянальнае антыдопінгавае агенцтва Беларусі (НАДА) і БФЛА па факце выяўлення ў Ірыны Ятчанка забароненага прэпарата абавязаны правесці сумесны разгляд. Вынікі будуць накіраваныя міжнародным структурам, якія іх запыталі.

Кідальніца дыска Ірына Ятчанка, якая прымала ўдзел у пяці Алімпіядах, завяршыла спартыўную кар'еру ў 2009 годзе. На Алімпійскіх гульнях у Сіднэі-2000 і Афінах-2004 яна заваявала бронзавыя ўзнагароды, а на чэмпіянаце свету-2003 у Парыжы выйграла золата.

Усяго на Алімпійскіх гульнях-2004 у Афінах у спартсменаў было ўзята 3667 допінг-пробаў. Больш сотні з іх падвергнуліся пераправерцы ў апошнія тыдні да заканчэння васьмігадовага тэрміну захоўвання. І частка тэстаў дала станоўчы вынік. Інфармацыя аб некаторых пратачылася ў СМІ, хоць МАК ад афіцыйнага абвяшчэння прозвішчаў пакуль адмаўляецца.

Неафіцыйна ж паведамлялася, што вядзецца пераправерка допінг-пробаў за 2004-2005 гады і іншых знакамітых беларускіх спартсменаў - Івана Ціхана, Вадзіма Дзевятоўскага, Надзеі Астапчук. У гэтым годзе іх аналізы былі даследаваныя з дапамогай новых тэхналогій.

Менавіта пасля выяўлення забароненага рэчыва ў спробе васьмігадовай даўнасці перад самым стартам быў зняты са спаборніцтваў лонданскай Алімпіяды трохразовы чэмпіён свету ў кіданні молата Іван Ціхан. Не выключана, што і зацягванне адказу з нагоды дыскваліфікацыі Надзеі Астапчук, якая была пазбаўленая золата лонданскай Алімпіяды-2012, таксама можа быць звязана з выяўленнем забароненых прэпаратаў у яе допінг-пробах 2004-2005 гадоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках