23 красавiка 2024, aўторак, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Front Line Defenders: Беларускіх праваабаронцаў працягваюць пераследваць

2
Front Line Defenders: Беларускіх праваабаронцаў працягваюць пераследваць

Міністэрства па падатках і зборах працягвае ў дачыненні да праваабаронцы Алега Волчака тое, што лічыцца пераследам за яго праваабарончую дзейнасць.

25 кастрычніка 2012 года Алег Волчак накіраваў ліст у падатковую інспекцыю Фрунзенскага раёна г. Менска, патрабуючы тлумачэння, па якой прычыне ў яго запатрабавалі прадставіць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў, паведамляецца ў заяве міжнароднага фонду абароны праваабаронцаў Front Line Defenders, піша ПЦ «Вясна».

Алег Волчак з'яўляецца вядомым юрыстам-праваабаронцам і старшынёй недзяржаўнай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву», якая была афіцыйна ліквідаваная беларускімі ўладамі ў 2003 годзе. Пазней арганізацыя была зарэгістраваная ва Украіне і працягвае дзейнічаць. Ён абараняе палітычныя правы і змагаецца супраць катаванняў і неналежных умоў утрымання ў беларускіх турмах.

У лісце, дасланым Алегу Волчаку Міністэрствам па падатках і зборах 27 верасня 2012 года, патрабуецца прадставіць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў да 25 кастрычніка 2012 года. Аднак, паколькі адрас, паказаны ў лісце, не з'яўляецца адрасам прапіскі Алега Волчака, ён атрымаў яго значна пазней.

Падставы гэтага патрабавання застаюцца няяснымі. Волчак адзначыў, што ён не належыць да катэгорыі людзей, якія звычайна павінны прадстаўляць падатковыя дэкларацыі. Аднак, у адпаведнасці з артыкулам 12 «Закона аб падатковых дэкларацыях фізічных асоб Рэспублікі Беларусь», такія запыты могуць быць зроблены па патрабаванні Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ) Рэспублікі Беларусь, і ў гэтым выпадку дэкларацыя можа ахопліваць перыяд да 10 гадоў.

У фонду ёсць сур'ёзныя падставы меркаваць, што падатковая інспекцыя выкарыстоўваецца ўладамі для аказання дадатковага ціску на праваабаронцаў.

Крымінальны пераслед выбітнага праваабаронцы Алеся Бяляцкага, старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», пачаўся пасля запыту з падатковай інспекцыі. Ён быў арыштаваны 4 жніўня 2011, і было праведзена расследаванне па абвінавачванні яго ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 4,5 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Як высветлілася падчас суда, справа была ўзбуджаная праз запыт падатковай інспекцыі Камітэтам дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь (КДБ).

Front Line Defenders лічыць, што патрабаванне падаць падатковую дэкларацыю за апошнія 10 гадоў можа быць ініцыявана КДБ Беларусі. Такая цікавасць можа быць звязана з паспяховай грамадскай кампаніяй «Праваабаронцы супраць катаванняў», у якой Алег Волчак прымаў удзел. У выніку кампаніі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на вул. Акрэсціна ў Менску быў зачынены на рамонт, а ў правілы ўнутранага распарадку адпаведных устаноў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі былі ўнесены новыя палажэнні, якія тычацца праў затрыманых.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках