28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рабочых нацкоўваюць на незалежныя прафсаюзы

3
Рабочых нацкоўваюць на незалежныя прафсаюзы

Адміністрацыя Бабруйскага заводу трактарных дэталяў (БЗТДіА) абвінавачвае лідэра Свабоднага прафсаюза прадпрыемства ў жаданні пазбавіць людзей права на працу.

Як гаворыцца ў размешчаным на сайце прадпрыемства звароце адміністрацыі завода і прафсаюзнага камітэта АСМ да работнікаў завода, Міхаіл Кавалькоў «павучае кіраўніцтва прадпрыемства на ангажаваных сайтах інтэрнэту, як трэба гандляваць выпускаемай прадукцыяй і працаваць па захаванню кадраў на заводзе». Таксама ў віну прафсаюзнаму лідэру ставіцца «яго зварот да гандлёвых партнёраў за мяжой з патрабаваннем прыняцця санкцый да прадпрыемства», піша БелаПАН.

«Падобныя санкцыі могуць прывесці да скарачэння і частковага прыпынення вытворчасці, а значыць, многія з 3.700 работнікаў нашага завода могуць застацца без працы, а іх сем'і - без сродкаў да існавання. У сувязі з гэтым выклікае асаблівае здзіўленне пазіцыя некаторых работнікаў нашага прадпрыемства, якія ўваходзяць у актыў прафсаюза СПБ, якія спрабуюць знайсці апраўданні дзеянняў прафсаюзных функцыянераў ад СПБ», - гаворыцца ў звароце.

Адміністрацыя і афіцыйны прафсаюз завода лічаць, што з-за «дэструктыўных дзеянняў першаснай арганізацыі прафсаюза СПБ на чале з Кавальковым», «за апошнія два месяцы колькасць першаснай арганізацыі СПБ скарацілася ў два разы з 260 чалавек да 130».

Як станоўчы прыклад супрацоўніцтва адміністрацыі і афіцыйнага прафсаюза прыводзіцца інфармацыя аб тым, што «паміж адміністрацыяй завода і прафсаюзным камітэтам АСМ дасягнута пагадненне аб павелічэнні з 1 лістапада 2012 года тарыфнай стаўкі першага разраду на 15%".

«Усё, што выкладзена ў гэтым пасквілі, чыстай вады паклёп. Ад пачатку да канца», - заявіў Кавалькоў, адзначыўшы, што звычайна такое адбываецца пасля выхаду іх прафсаюзнага інфармацыйнага бюлетэня. «У апошнім нумары мы раскрылі сутнасць нашага ідэолага - Уладзіміра Елісеенкі. Мы паставілі ў віну яму, што ён не захоўвае кадры, як павінен, а наадварот імі раскідваецца, што ён працуе як дачаснік. Вось пайшла зваротная рэакцыя», - лічыць Кавалькоў.

Паводле яго слоў, «яны канчаткова зайлгаліся, калі пішуць, што работнікі завода пакідаюць шэрагі СПБ добраахвотна - усюды ідзе масіраваны ціск на людзей, каб прымусіць іх да выхаду з прафсаюза».

Што тычыцца звароту з заклікам аб санкцыях, то гэта таксама, па сцвярджэнні Кавалькова, хлусня. «Нікуды я не звяртаўся», - запэўніў ён.

Павышэнне заработнай платы, па словах Кавалькова, адбылося дзякуючы планам СПБ прыняць адпаведны зварот да кіраўніцтва завода. «Кіраўніцтва завода пра гэта ведала. І каб апярэдзіць ўсе гэтыя ініцыятывы, яны і напісалі, што ініцыятыва зыходзіць ад АСМ», - распавёў ён. «Адно добра - нас падтрымліваюць, я з упэўненасцю скажу, больш за 90% работнікаў завода», - адзначыў прафсаюзны лідэр.

Нагадаем, што з лета першасная арганізацыя СПБ на заводзе пазбаўленая свайго офіса, яе старшыня некаторы час сутыкаўся з праблемай асабістага допуску на прадпрыемства. У жніўні 670 работнікаў звярнуліся да кіраўніцтва прадпрыемства з патрабаваннем не перашкаджаць дзейнасці СПБ.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках