Расея выдала Беларусі крымінальнага «аўтарытэта» Сашу Кушнера
43- 7.11.2012, 13:28
Паліцыянты затрымалі ў Маскве і перадалі беларускім калегам «злодзея ў законе» Сашу Кушнера, які знаходзіцца ў вышуку.
Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік ГУ МУС Расеі па Цэнтральнай федэральнай акрузе Раман Міхайлаў.
«Учора супрацоўнікі Галоўнага ўпраўлення МУС Расеі па ЦФА затрымалі 46-гадовага «злодзея ў законе» Аляксандра Кушнярова, вядомага ў крымінальным свеце пад крымінальнай мянушкай «Саша Беларус» або «Саша Кушнер», - сказаў Міхайлаў у сераду «Інтэрфаксу».
Ён адзначыў, што ў той жа дзень «крымінальны лідэр быў дэпартаваны за межы Расеі і перададзены супрацоўнікам МУС Беларусі».
Па дадзеных паліцыі, пасля вызвалення ў снежні 2011 года з калоніі, дзе Кушнер адбыў пакаранне за захоўванне наркотыкаў, ён знаходзіўся ў Маскве, кантраляваў дзейнасць арганізаваных злачынных груп, якія спецыялізаваліся на кватэрных крадзяжах, разбоях і рабаваннях.
«З 2011 года Кушнер быў абвешчаны ў міждзяржаўны вышук па абвінавачванні ў здзяйсненні злачынстваў на тэрыторыі Беларусі», - сказаў Міхайлаў.
Паводле яго слоў, у мінулым месяцы супрацоўнікамі глаўка за розныя правапарушэнні і злачынствы затрымана шэсць «злодзеяў у законе», з іх двое дэпартаваныя, адзін арыштаваны за захоўванне наркатычных рэчываў і выкарыстанне падробленых дакументаў.