18 красавiка 2024, Чацвер, 19:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

7 лістапада - Дзень памяці ахвяр камунізму

52
7 лістапада - Дзень памяці ахвяр камунізму

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) заклікае прызнаць 7 лістапада Днём памяці ахвяр камунізму.

Пра гэта БелаПАН паведаміў Віталь Рымашэўскі. Паводле яго слоў, «камуністычны пераварот, які адбыўся 7 лістапада 1917 года, паклаў пачатак знішчэнню мільёнаў нявінных людзей ва ўсім свеце». «Камуністычны рэжым, які акупаваў Беларусь, паслядоўна праводзіў знішчэнне беларускага народа. Знішчалася эліта, знішчаліся простыя людзі. Сотні тысяч нявінных людзей былі забітыя ў савецкіх канцэнтрацыйных лагерах, расстраляныя ў лясах па ўсёй Беларусі. Больш за мільён беларусаў былі сасланыя ў канцлагеры на поўнач СССР. Камуністычны ўрад паслядоўна праводзіў палітыку знішчэння беларускай культуры і беларускай мовы», - заявіў Рымашэўскі.

Ён адзначыў, што па маштабах рэпрэсій і наступстваў для Беларусі камуністычны рэжым СССР «можна параўнаць толькі з нацысцкім рэжымам».

У звароце БХД канстатуецца, што «сённяшнія ўлады працягваюць палітыку савецкага ўрада». «Працягваюць ушаноўвацца савецкія святы, за ўзор бяруцца асобы Леніна і Сталіна - сапраўдных катаў беларускага народа. Святкаванне 7 лістапада як дзяржаўнага свята Рэспублікай Беларусь - сапраўдны здзек над памяццю мільёнаў ахвяр, над памяццю нацыянальных герояў Беларусі», - гаворыцца ў дакуменце.

БХД заклікае «ўсіх неабыякавых людзей Беларусі, усе дэмакратычныя беларускія арганізацыі падтрымаць ініцыятыву аб прызнанні 7 лістапада Днём памяці генацыду беларускага народа камуністычным рэжымам».

«Мы заклікаем у гэты дзень не далучацца да афіцыйных «святкаванняў», ушанаваць памяць ахвяр камунізму, распаўсюджваць інфармацыю аб злачынствах урада СССР у Беларусі», - гаворыцца ў заяве.

Як паведаміў Рымашэўскі, гэты зварот БХД - адкрыты. «Але мы таксама маем намер разаслаць яго па ўсіх дэмакратычных аб'яднаннях і партыях. Мы лічым, што 7 лістапада павінны быць не афіцыйныя дзяржаўныя святы, а маштабны грамадскі дзень памінання ахвяр камунізму», - сказаў Рымашэўскі.

«Тое, што 7 лістапада ў Беларусі святкуецца на афіцыйным узроўні як дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі - гэта апраўданне тэрору і здзек над беларусамі, над іх продкамі і над нацыянальнай памяццю».

Напісаць каментар 52

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках