29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апазіцыя вінаваціць новыя ўлады Грузіі ў помсце

20
Апазіцыя вінаваціць новыя ўлады Грузіі ў помсце

Адзіны нацыянальны рух, які апынуўся ў апазіцыі пасля выбараў, б'е трывогу, заяўляючы, што ў краіне з'явіліся першыя палітвязні.

«Віншую вас з першым палітвязнем у Грузіі падчас вашага кіравання», - з такімі словамі да парламенцкай большасці звярнуўся апазіцыйны дэпутат Давід Дарчыяшвілі, каментуючы затрыманне экс-міністра абароны Бачо Ахалаі, паведамляе ВВС.

На фоне найцяжкіх абвінавачванняў, якія гучалі на адрас Ахалаі з боку прадстаўнікоў кааліцыі Бідзіны Іванішвілі, якая перамагла на парламенцкіх выбарах, ягонае затрыманне новымі ўладамі шмат для каго не стала нечаканасцю.

Ахалая быў затрыманы пасля допыту, на які Галоўная пракуратура выклікала яго першапачаткова ў якасці сведкі. Неўзабаве пасля яго быў затрыманы і начальнік Аб'яднанага штаба Георгій Каландадзэ, а таксама камандзір чацвёртай брыгады Зураб Шаматава. Усім траім інкрымінуюць перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У выпадку доваду віны ім пагражае ад пяці да васьмі гадоў пазбаўлення волі. Ва ўрадзе не выключаюць, што супраць Ахалаі, які на працягу гадоў служыў галоўнай мішэнню абвінавачванняў з боку крытыкаў Саакашвілі, будуць выстаўленыя новыя абвінавачванні.

Пры гэтым парламенцкая большасць адпрэчвае палітычны матыў арыштаў, заяўляючы, што толькі выконвае дадзенае абяцанне аднаўлення справядлівасці і прыцягнення да адказнасці тых, хто парушыў закон.

«Абразлівае» затрыманне

Абвінавачванні ў адрас затрыманых закранаюць перыяд, калі Ахалая, які лічыцца адным з самых блізкіх паплечнікаў прэзідэнта Міхаіла Саакашвілі, займаў пасаду міністра абароны Грузіі.

Паводле звестак следства, у кастрычніку 2011 года Ахалая, Каландадзэ і Шаматава ў працоўным кабінеце міністра абароны прычынілі слоўныя і фізічныя абразы шасці вайскоўцам. Пасля гэтага абразы былі прадоўжаныя ў Вазіяні перад іншымі вайскоўцамі.

Пракуратура без указання асабовых звестак і імёнаў апублікавала тэксты сведчанняў былых вайскоўцаў, на падставе якіх адбылося затрыманне.

У адным са сведчанняў былы вайсковец апавядае пра тое, як яго прывезлі ў кабінет Ахалаі ў міністэрстве абароны Грузіі. З ягоных слоў, Ахалая выцяў яго па галаве «тупым бокам нажа» пасля таго, як даў яму праслухаць патаемна зроблены запіс ягоных абразлівых выказванняў пра кіраўніцтва.

Адвакат Давід Дэканаідзэ ў сваю чаргу назваў нагоду для затрымання начальніка Аб'яднанага штаба Каландадзэ абсурднай.

«Георгій Каландадзэ - дзейны генерал. Ён 17 лёт служыць ва ўзброеных сілах Грузіі, быў паранены ў жнівеньскай вайне. Ён пачуваецца вельмі абражаным», - заявіў адвакат.

Тым часам, міністр юстыцыі Тэа Цулукіяні паведаміла, што затрыманне Каландадзэ прайшло ў спакойных абставінах, а перетрус ягонай кватэры быў адкладзены да світання, каб не траўмаваць ягоную жонку і двух непаўналетніх дзяцей.

«Сумны факт»

Дэпутаты парламенцкай меншасці ў Грузіі ўпэўненыя, што цяперашнія гучныя затрыманні палітычна матываваныя, а выстаўленыя абвінавачванні - абсурдныя.

«Гэта з'яўляецца палітычнай замовай новага ўрада і Бідзіны Іванішвілі, якая была выкананая няякасна і на вельмі нізкім узроўні, - мяркуе дэпутат ад Адзінага нацыянальнага руху Давід Сакварэлідзэ. - Яны цяпер у вельмі цяжкім становішчы, бо акурат у гэтыя хвіліны яны ламаюць галаву над тым, што ўпісаць у гэтае абвінавачванне, каб неяк апраўдаць гэта абсурднае абвінавачванне ў дачыненні да гэтых людзей».

Пры гэтым у парламенцкай апазіцыі мяркуюць, што затрыманне Каландадзэ звязанае з інтарэсамі новага міністра абароны Іраклія Аласаніі, які не здолеў дамагчыся замены Каландадзэ і прызначэнні свайго чалавека на гэтую пасаду, бо гэта з'яўляецца прэрагатывай прэзідэнта.

Сам Аласанія назваў выстаўленыя Каландадзэ абвінавачванні «сумным фактам».

«Натуральна, следства скажа сваё слова, - заявіў Аласанія. - Мы павінны памятаць, што кожны чалавек невінаваты датуль, пакуль гэтая віна не будзе пацверджаная ў судзе. Таму мы паважаем прэзумпцыю невінаватасці».

Ён таксама адзначыў, што міністэрства абароны працягвае працаваць у звычайным рэжыме.

«Удар па Грузіі»

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі Грузіі Гіга Бакерыя назваў затрыманні «трывожнай падзеяй» для краіны.

«Гэтыя крокі ўжо прычынілі шкоду ўнутры Грузіі з пункту гледжання дэмакратычных працэсаў і па-за краінай з пункту гледжання нашай рэпутацыі, асабліва ў кантэксце будучага саміту NATO», - заявіў Бакерыя журналістам.

Адзіным крокам, які можа на гэты момант палегчыць долю новага ўрада, з ягоных слоў, з'яўляецца неадкладнае вызваленне ўсіх траіх затрыманых.

Новы прэм'ер-міністр Бідзіна Іванішвілі са свайго боку заявіў, што ён не браў ніякага ўдзелу ў працэсах, звязаных з затрыманнем прадстаўнікоў міністэрства абароны і Ахалаі.

«Гэтае затрыманне не было палітычным», - запэўнівае Іванішвілі.

Cправядлівасць ці рэванш?

Да яго прызначэння на пасаду міністра ўнутраных спраў у ліпені 2012 года Ахалая быў кіраўніком пенітэнцыярнага дэпартамента, а таксама міністрам абароны.

Ён падаў у адстаўку неўзабаве пасля таго, як у СМІ з'явілася відэа пра катаванні ў адной з грузінскіх турмаў, якія выклікалі хвалю пратэстаў у Грузіі.

Яго адстаўка была адным з асноўных патрабаванняў пратэстоўцаў, якія называлі яго галоўным вінаватым у катаваннях.

Сам Ахалая яшчэ да затрымання заявіў, што гатовы даць адказы на ўсе пытанні ў дачыненні да яго, і што ўсе абвінавачванні ў яго адрас з'яўляюцца абсурднымі.

У новым урадзе не выключаюць, што супраць Ахалаі будуць распачатыя і іншыя крымінальныя справы, у тым ліку звязаныя з магчымымі парушэннямі, пра якія цягам гадоў казалі праваабаронцы.

Тым часам грамадства чакае ад новага палітычнага кіраўніцтва Грузіі захавання правоў чалавека і справядлівага правасуддзя, і следству прыйдзецца па макулінках збіраць довады меркаванай віны Ахалаі ў якой-небудзь пэўнай справе.

«Суд, які дагэтуль знаходзіцца пад палітычным ціскам прыхільнікаў Міхаіла Саакашвілі, будзе старанна вывучаць рэчыўную базу ў крымінальнай справе», - кажа дырэктар Цэнтра выбараў і палітычных тэхналогій Каха Кахішвілі.

На ягоную думку, у Адзіным нацыянальным руху мяркуюць, што пракуратура не здолее сабраць довады магчымых цяжкіх злачынстваў з боку Ахалаі, якія прадугледжваюць працяглыя тэрміны.

Акрамя таго эксперты не выключаюць, што вяртанне Ахалаі ў Грузію было часткай плану Адзінага нацыянальнага руху для дэманстрацыі таго, што новы ўрад нібыта распачаў палітычныя рэпрэсіі супраць апазіцыі ў Грузіі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках