19 красавiка 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шапіру прадказваюць хуткую адстаўку

59
Шапіру прадказваюць хуткую адстаўку

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў кіраўніка Гарадзенскай вобласці Сямёна Шапіру пра магчымую адстаўку.

Гэтую заяву ён агучыў на нарадзе, дзе абмяркоўваліся праблемы развіцця малакаперапрацоўчай галіны, піша «Народная воля».

Нагадаем, што тыдзень таму з'явіўся адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку працаўнікоў ААТ «Слонімскія малочныя прадукты». Тады і стала вядома, што задуманы кіраўніком вобласці працэс аб'яднання і ўзбуйнення мясамалочных прадпрыемстваў праходзіць цяжка і нервова.

Цяжкай была і сённяшняя нарада з удзелам дыктатара.

Як нагадвае прэс-служба Лукашэнкі, «у выніку маніторынгу сітуацыі, звязанай з узбуйненнем малочных прадпрыемстваў, выяўленыя некаторыя тэндэнцыі,якія насцярожваюць і патрабуюць неадкладнага ўхілення». Гэтыя пытанні на прыкладзе прадпрыемстваў Гарадзенскай вобласці сталі прадметам абмеркавання на нарадзе.

«Аналіз працэсу аб'яднання асобных прадпрыемстваў паказаў, што часам узбуйненне вытворчасці адбываецца без выразна выпрацаванай стратэгіі, належнай прапрацоўкі эфектыўнасці такога развязання і ягоных наступстваў, без уліку меркаванняў кіраўнікоў саміх прадпрыемстваў», - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

«Губернатар» Гарадзеншчыны Сямён Шапіра паведаміў пра хаду рэалізацыі рэгіянальнай праграмы фармавання буйных прадуктовых кампаній у вобласці. Кіраўнікі прадпрыемстваў на прыкладзе сваіх вытворчасцяў паказалі плюсы і мінусы аб’яднаўчага працэсу. «Кампанейшчыны» тут быць не павінна, - запатрабаваў Лукашэнка. - Да кожнага пэўнага аб'яднання трэба падыходзіць індывідуальна – бо гэта лёс прадпрыемства і працоўнага калектыву». «Гаворка ідзе пра тое, што вы дамовіліся пра аб'яднанне некаторых прадпрыемстваў малакаперапрацоўкі, роўна як і мясаперапрацоўкі, у прамысловасці адбываецца такое аб'яднанне ў холдынгі і гэтак далей. Але перш чым гэта рабіць, трэба гэта пралічыць. Трэба вывучыць і, самае галоўнае, трэба гэта зрабіць вельмі тонка, ахайна, каб не супрацьпаставіць гэты працэс тым, хто там працуе», - адзначыў ён. «Першым чынам ад кіраўнікоў прадпрыемстваў я хачу пачуць, як гэта адбываецца. У гэтым выпадку вы, наколькі мяне інфармуюць, пастанавілі ў аблвыканкаме, у кабінеце, фармальна аб'яднаць лідскае, наваградскае, па-мойму, смаргонскае, ашмянскае і яшчэ нейкае малакаперапрацоўчае прадпрыемства ў адзін гурт, не прапрацаваўшы, не маючы плану, хай нават не бізнэс-плану, а плану, не пагаварыўшы з кіраўнікамі, не пераканаўшы іх у гэтым, вы стварылі процьму праблем», - падкрэсліў правадыр.

Аляксандр Лукашэнка прадоўжыў: «Ну, няхай кіраўнікі, людзі не разумеюць, што адбываецца. Вы ўцягнулі ў гэта падпарадкаваную сабе вертыкаль улады. Тыя ўжо пачынаюць кідацца, ці то Шапіру рапартаваць, ці то далей нармальна ставіцца да тых дырэктараў, якія дагэтуль працавалі. І я вынес гэта пытанне, таму што гэта ўжо, Сямён Барысавіч, не першы зварот да мяне аб метадах працы ў Гарадзенскай вобласці з кіраўнікамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў. Мяне гэта не проста насцярожвае, а ўжо ставіць пытанне рубам».

Кіраўнік дзяржавы даручыў віцэ-прэм'еру Міхаілу Русаму і міністру сельскай гаспадаркі і харчавання Леаніду Зайцу забяспечыць сталы аналіз працэсу ўзбуйнення малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў у краіне, своечасова выяўляць негатыўныя тэндэнцыі і аператыўна на іх рэагаваць.

Напісаць каментар 59

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках