19 красавiка 2024, Пятніца, 23:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КНДР здзейсніць запуск ракеты далёкага дзеяння

65
КНДР здзейсніць запуск ракеты далёкага дзеяння

Паўночная Карэя абвясціла аб планах здзейсніць запуск ракеты далёкага радыусу дзеяння ў перыяд паміж 10 і 22 снежнем.

Мэтай запуску афіцыйна з'яўляецца вывад на арбіту касмічнага спадарожніка. Папярэднія запускі, якія скончыліся няўдала, крытыкаваліся заходнімі краінамі, якія палічылі, што тым самым Пхеньян парушыў накладзеныя на яго рэзалюцыяй Рады Бяспекі ААН санкцыі аб забароне тэставання балістычных ракет.

Улічваючы, што 19 снежня ў Паўднёвай Карэі павінны адбыцца прэзідэнцкія выбары, гэтая заява яшчэ больш ускладніць і так вельмі нацягнутыя ў апошні час стасункі паміж суседзямі, паведамляе ВВС.

Папярэдняе выпрабаванне ракеты Паўночнай Карэяй у красавіку гэтага года было няўдалым. ЗША, Японія і Паўднёвая Карэя паведамілі, што ракета далёкага радыусу дзеяння не здолела выйсці на зададзеную траекторыю і ўпала ў Жоўтае мора.

Паўночнакарэйскія навукоўцы і інжынеры «прааналізавалі дапушчаныя памылкі» няўдалай спробы ракетнага запуску, паведаміла Карэйскае цэнтральнае агенцтва навін (KCNA) са спасылкай на Карэйскі камітэт касмічных тэхналогій.

Як і падчас красавіцкага запуску будзе выкарыстаная ракета класа «Унха-3». Яна будзе запушчаная на поўдзень, паведамляе KCNA, маючы на ўвазе, што ракета паляціць над Усходне-Кітайскім морам.

«Унха» перакладаецца з карэйскай як «галактыка» і ўжываецца для назвы класа паўночнакарэйскіх касмічных ракет тыпу «Тэпхадон-2», далёкасць палёту якіх складае прыблізна 2200 км. Ніводнае выпрабаванне ракеты пакуль не скончылася паспяхова.

У чацвер Рада Бяспекі ААН перасцерагла Паўночную Карэю ад правядзення ракетнага выпрабавання. Суботняя заява Пхеньяна падкрэслівае, што запуск ракеты будзе праведзены выключна ў «мірных мэтах».

Гэта будзе другая спроба запуску ракеты Пхеньянам з моманту прыходу да ўлады Кім Чэн Ына.

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках