18 красавiка 2024, Чацвер, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Тэлеканалу «Белсат» - 5 гадоў

15
Тэлеканалу «Белсат» - 5 гадоў

Першы незалежны беларускі тэлеканал пачаў вяшчанне 10 снежня 2007 года.

Аб дасягненнях, праблемах і творчых планах «Белсата» ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў кіраўнік рэдакцыі інфармацыйных праграм Аляксей Дзікавіцкі.

- Паколькі я з'яўляюся кіраўніком рэдакцыі інфармацыйных праграм, то можа і не зусім сціпла, але хацеў бы пахваліць, перш за ўсё, інфармацыйную частку нашага эфіру. Пяць гадоў таму мы пачыналі з 3 хвілін інфармацыйнага выпуску, а зараз мы практычна маем 3 гадзіны прамога эфіру.

Другая пазіцыя - тое, што «Белсат» стаў пэўным цэнтрам, дзе могуць інтэлектуальныя здольнасці праявіць выбітныя беларускія аўтары - музыканты, літаратары, гісторыкі. Гэта - пляцоўка для прызнаных - на жаль, не сённяшнімі ўладамі, а грамадзянскай супольнасцю - творцаў.

І трэцяе, што здаецца важным - у сённяшняй Беларусі адсутнічае цэлае пакаленне прафесійных тэлевізійных журналістаў, так як пасля заканчэння журфака - шлях на БТ або рэгіянальную кампанію, дзе няма магчымасцей даведацца, як выглядае сучаснае тэлебачанне без цэнзуры і няма магчымасці працаваць па-беларуску, - кажа ён.

- Што перашкаджае вам працаваць?

- Вядома, справа ў акрэдытацыі перш за ўсё - без акрэдытацыі цяжка патрапіць на афіцыйнае мерапрыемства, таму гэта для нас - праблема нумар адзін. Па-другое, хацелася б, каб мы былі даступныя не толькі праз спадарожнікавыя антэны і не толькі праз інтэрнэт-вяшчанне, якое ў нас сёння пакуль у памеры трох гадзін у дзень, але і ў кабельных сетках, наземным тэлебачанні. Вядома, гэта пакуль малаверагодна, але гэтага мы сабе жадаем. І хацелася б, каб «Белсат» зрабіўся кузняй нацыянальных тэлевізійных кадраў. Мы ведаем, што ва ўсіх краінах Еўразвяза нацыянальнаму тэлебачанню - менавіта нацыянальнаму - надаецца ўвага, а ў нас гэта ігнаруецца.

- Што чакае гледачоў «Белсата» ў бліжэйшай будучыні?

- Перш за ўсё, c 3 студзеня мы пашыраем «жывое» інфармацыйнае вяшчанне. Акрамя гэтага, будзе некалькі новых культурных праграм, ну і новыя сюрпрызы, якія мы імкнемся ўнесці, нягледзячы на няпростае фінансавае становішча. Будзем працягваць здымаць і дакументальнае кіно, якое лічым вельмі важным у сённяшняй Беларусі. Не будзем забываць і беларускую музыку. Словам, будзем працягваць у напрамку, які быў уласцівы нашаму каналу з самага пачатку.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках