18 красавiка 2024, Чацвер, 17:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аб катаваннях у Беларусі распавядуць ААН

2
Аб катаваннях у Беларусі распавядуць ААН

Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі незалежны агляд у Камітэт супраць катаванняў ААН.

Пра гэта было абвешчана 10 снежня на пасяджэнні круглага стала праваабарончых арганізацый у Менску.

Як адзначаецца ў дакуменце, з часу прадстаўлення папярэдняй справаздачы ў кастрычніку 2011 года сітуацыя па выкананні Беларуссю Канвенцыі супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ў цэлым не змянілася і застаецца нездавальняючай, перадае БелаПАН.

У прыватнасці адзначаецца, што сур'ёзную занепакоенасць выклікаюць «шматлікія паведамленні аб тым, што затрыманым часта адмаўляюць у асноўных мерах прававой абароны, у тым ліку ў своечасовым доступе да дапамогі адваката або медыцынскай дапамогі, а таксама ў праве на кантакт з членамі сям'і». У сувязі з гэтым праваабаронцы рэкамендуюць Камітэту супраць катаванняў рэкамендаваць Беларусі «як заканадаўча, так і на практыцы забяспечыць усім зняволеным доступ да асноўных прававых гарантый з моманту іх затрымання, у тым ліку права на неадкладны доступ да адваката і на абследаванне незалежным урачом».

Сярод іншага асаблівая ўвага звяртаецца на тое, што затрыманыя па адміністрацыйных артыкулах павінны мець магчымасць абскардзіць законнасць іх затрымання або абыходжання з імі.

У мэтах прадухілення катаванняў і жорсткага звароту праваабаронцы прапануюць прыняць меры па забеспячэнню аўдыё-або відэазапісаў усіх допытаў у аддзяленнях міліцыі і месцах утрымання пад вартай.

Акрамя таго, праваабаронцы лічаць, што нежаданне прадстаўнікоў улады праводзіць своечасовае, бесстаронняе і ўсебаковае расследаванне прымянення катаванняў носіць «устойлівы і стабільны характар». Таму праваабаронцы рэкамендуюць Камітэту супраць катаванняў запатрабаваць ад дзяржавы не толькі палегчыць падачу скаргаў у дзяржорганы ахвярамі катаванняў, але і «забяспечыць адхіленне падазраваных у катаваннях ад выканання сваіх абавязкаў неадкладна і на тэрмін расследавання, асабліва калі ёсць рызыка таго, што ў адваротным выпадку падазраваныя могуць перашкаджаць расследаванню».

Праваабаронцы таксама рэкамендуюць Камітэту супраць катаванняў запытаць вынікі расследавання па меркаваных фактах катаванняў у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты Алеся Міхалевіча, Андрэя Саннікава, Уладзіміра Някляева, прэс-сакратара Саннікава Аляксандра Атрошчанкава, галоўнага рэдактара сайта charter97.org Наталлі Радзінай і іншых асобаў.

У дакуменце змяшчаецца патрабаванне забяспечыць незалежным арганізацыям доступ у месцы пазбаўлення волі і месцы ўтрымання пад вартай, у тым ліку месцы ўтрымання пад вартай адміністрацыйных затрыманых, аддзяленні міліцыі, памяшканні службы бяспекі, ізалятары медыцынскіх і псіхіятрычных устаноў пенітэнцыярнай сістэмы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках