24 красавiка 2024, Серада, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cуэр Белхасен: Юбілей FIDH прысвячаю Алесю Бяляцкаму

1
Cуэр Белхасен: Юбілей FIDH прысвячаю Алесю Бяляцкаму

У Парыжы ў прысутнасці мэра горада Бертрана Деланоэ і аўтара Дэкларацыі правоў чалавека Стэфана Эсэля адзначылі 90 гадавіну стварэння FIDH.

Суэр Белхасен прысвяціла юбілей Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH) дваццаці шасці актывістам арганізацыі, якія знаходзяцца ў турмах у розных краінах свету.

У сваім выступленні з нагоды юбілею Прэзідэнт FIDH казала пра тых, хто за сваю дзейнасць расплачваецца дарагой цаной, паведамляе сайт ПЦ «Вясна».

«Гэта было дзевяноста гадоў таму. Шматлікія актывісты, удзельнікі розных рухаў у абарону правоў чалавека Францыі, Германіі, Бельгіі, Венгрыі, Егіпта і яшчэ дзесяці краін сабраліся, каб стварыць на руінах Першай сусветнай вайны міжнародны рух у абарону правоў чалавека. Яны заснавалі Міжнародную Федэрацыю за правы чалавека.

Нашыя папярэднікі хацелі пабудаваць такі свет, дзе, нягледзячы на межы, правы чалавека ставіліся б вышэй за ўсё - вышэй за партыйныя, эканамічныя ці нацыяналістычныя інтарэсы.

Ужо ў 1927 годзе яны заклікалі да прыняцця «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» і стварэнні пастаянна дзеючага Міжнароднага крымінальнага суда. Пройдзе некалькі дзесяткаў гадоў, перш чым будзе прынятая Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека і Міжнародны крымінальны суд пачне сваю працу. З гэтага моманту правы чалавека набылі юрыдычныя рамкі і кожны мае права патрабаваць іх выканання.

Доўгія гады ўсе мы змагаемся з ростам антысемітызму і нацыяналізму. Гэтая барацьба каштавала жыцця некаторым з нашых папярэднікаў. Віктар Баш, сябра-заснавальнік і Прэзідэнт FIDH, быў расстраляны французскай паліцыяй у Ліёне ў 1944 годзе.

Змагаючыся супраць каланізацыі і ўсіх формаў самавольства падчас «халоднай вайны» або паўсюдна працуючы над стварэннем больш справядлівага і раўнапраўнага грамадства, нашыя папярэднікі сталі прыкладам для пераймання ва ўсім свеце.

Сёння, як і ўчора, нашыя актывісты знаходзяцца на першай лініі фронту. Кожны дзень яны вядуць барацьбу за ўніверсальнасць чалавечых правоў: за рэальнае, а не на словах, захаванне правоў жанчын, права кожнага на правасуддзе, на свабоду выказвання, на свабоду веравызнання і на годнае існаванне.

За сваю дзейнасць ім часам даводзіцца расплачвацца дарагой цаной. У гэты вечар святкавання нашай 90-й гадавіны я думаю пра дваццаць шэсць актывістак і актывістаў нашай арганізацыі, якія знаходзяцца ў дадзены момант у зняволенні.

Я думаю пра Алеся Бяляцкага, нашага віцэ-прэзідэнта і старшыню ПЦ «Вясна» ў Беларусі, прысуджанага да чатырох з паловай гадоў калоніі.

Я думаю пра Набіла Раджаба, намесніка генеральнага сакратара FIDH, старшыню Праваабарончага цэнтра Бахрэйна, прысуджанага да двух гадоў турмы.

Я думаю пра Насрын Сатудзех з Ірана, якая атрымае на будучым тыдні прэмію Сахарава. Будзем спадзявацца, што, дзякуючы гэтай прэміі, яна зможа выйсці з ізаляцыі, у якой яна апынулася пасля прысуду да 11 гадоў турмы і 20 гадоў забароны на працу адвакатам. Я думаю пра трох яе калег з Іранскага праваабарончага цэнтра, якія знаходзяцца ў такой жа сітуацыі.

Я думаю пра Мухарэма Эрбея з Турцыі, віцэ-прэзідэнта Турэцкай асацыяцыі за правы чалавека, і пра яго 13 калег, якія, як і ён, знаходзяцца за кратамі.

Я думаю пра пяцёх сябраў Таварыства правоў чалавека ва Узбекістане, таксама зняволеных у турмы і калоніі.

Гэтыя праваабаронцы змагаюцца за свае свабоды і свае правы - але яны змагаюцца і занашу свабоду і нашы правы.

Я хачу прысвяціць нашае свята менавіта ім.

Ваша прысутнасць тут у гэты вечар кажа пра тое, што Вы падтрымліваеце нашу барацьбу. Ад іх імя і ад імя FIDH я кажу вам «дзякуй».

Юбілей FIDH адзначаўся 10 снежня ў Мэрыі горада Парыжа ў прысутнасці мэра горада спадара Бертрана Деланоэ, аўтара Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека 1948 года спадара Стэфана Эсэля і многіх вядомых журналістаў, праваабаронцаў і дзеячаў мастацтва.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках