Аляксандр Сасноў: Дыктатура Лукашэнкі ператвараецца ў таталітарызм
12- 13.12.2012, 16:15
Ініцыятыву Анатоля Тозіка пракаментаваў былы міністр працы Аляксандр Сасноў.
«Хочуць усіх паставіць на татальны ўлік і кантроль. Дыктатура ператвараецца ў таталітарызм. Можна сказаць, што ўзмоцніцца чорны рынак - і валютны, і любы іншы. Пенсіянер падае дэкларацыю аб даходах - выглядае гэта досыць смешна», - заявіў экс-міністр сайту udf.by.
Паводле яго слоў, «наўрад ці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны магло выступіць з падобнай ініцыятывай».
«Раз Тозік агучыў гэтую ідэю - значыць, яму загадалі», - сказаў Аляксандр Сасноў.
Эксперт кажа, што даходы грамадзян цікавяць Міністэрства працы з пункту гледжання адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны.
Але віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік казаў не пра Фонд сацыяльнай абароны: «У гэтай сувязі мне падабаецца прапанова Мінпрацы. Яны прапануюць увесці абавязковае дэклараванне для ўсіх грамадзян. А не толькі чыноўнікаў. Прайшоў год - скажы, за кошт чаго ты пражыў яго, якія даходы і якія выдаткі меў. У цябе ёсць і дом, і машына... І тады, я думаю, гэта вельмі многіх прымусіць выйсці з ценю. Спецыялісты кажуць, што ў нас занадта вялікі адсотак ценявога ВУП. І дадзеныя афіцыйнай статыстыкі зусім не супадаюць з тымі рэаліямі , якія мы бачым на свае вочы. Колькі ў нас аўтамабіляў на душу насельніцтва? Чаму ў менскія рэстараны не трапіць?»
Нагадаем, віцэ-прэм'ер заклапаціўся даходамі грамадзян і прапанаваў увесці абавязковае дэклараванне для ўсіх.