25 красавiка 2024, Чацвер, 23:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міліцыянты-садысты прызнаныя падазраванымі ў збіцці вартаўніка

71
Міліцыянты-садысты прызнаныя падазраванымі ў збіцці вартаўніка

Чацвёра службовых асоб УУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Мінска прызнаныя падазраванымі ва ўчыненні злачынства - збіцці вартаўніка аўтастаянкі.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік управы Следчага камітэта Менска Аляксандр Герасімаў, паведамляе БелаПАН.

Управа Следчага камітэта Менску ва ўзаемадзеянні з органамі ўнутраных спраў праводзіць комплекс следчых дзеянняў, накіраваных на выяўленне ўсіх акалічнасцяў учынення супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да вартаўніка аўтастаянкі Васіля Сарочыка.

Паводле іх вынікаў, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы следствам прынятыя працэсуальныя пастановы аб прызнанні падазраванымі ва ўчыненні злачынства чатырох службовых асоб УУС адміністрацыі Ленінскага раёна горада Менска.

Расследаванне працягваецца.

Раней паведамлялася, што вартаўнік менскай аўтастаянкі Васіль Сарочык апазнаў супрацоўнікаў міліцыі, якія яго збілі.

14 лістапада ў пункт аховы аўтастаянкі, са слоў Сарочыка, прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў і загадалі вартаўніку кіравацца ў Ленінскае РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай часткі РУУС, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Жанна Багданоўская.

Са слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго кайданкі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з аўтамабіляў. Ад вартаўніка таксама спрабавалі дамагчыся прызнання ў тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта».

Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целу, да збіцця перыядычна далучаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі паджылы чалавек траціў прытомнасць, яго прыводзілі ў прытомнасць, абліваючы халоднай вадой.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках