Затрыманні на «Маршы свабоды» ў Маскве
186- 15.12.2012, 14:45
Тысячы масквічоў сабраліся, каб ускласці кветкі да Салавецкага каменя ў расейскай сталіцы.
Затрыманыя Сяргей Удальцоў, Ксенія Сабчак, Ілля Яшын, піша gazeta.ru.
Упершыню масавая акцыя пратэсту не была ўзгодненая маскоўскімі ўладамі. Таму апаненты рэжыму Уладзіміра Пуціна заклікалі прыходзіць а 15.00 паводле мясцовага часу на Лубянскую плошчу ў прыватным парадку - ускласці кветкі да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій.
У цэнтры Масквы ў чаканні акцыі апазіцыі сабралі сотню грузавікоў з ОМОНам, на Лубянцы дзяжурылі кінолагі з сабакамі і аўтамабілі «Хуткай дапамогі». Пасля 14:00 паводле маскоўскага часу з'явіліся першыя пікетоўцы з плакатамі з крытыкай улады, ніякай рэакцыі ў паліцыі яны спачатку не выклікалі, паведамляе тэлеканал «Дождь».
Ўскладаць кветкі да помніка ўжо прыйшоў адзін з лідараў апазіцыі, сябра Каардынацыйнай рады апазіцыі, журналіст Дзмітрый Быкаў, таксама прыйшлі экс-дэпутат Дзярждумы Генадзь Гудкоў і адзін з сустаршыняў «Салідарнасці» Барыс Нямцоў.
Пасля 14:30 усё памянялася: на плошчу прыйшлі сотні людзей, сквер неўзабаве запоўніўся, і пачаліся затрыманні.
Людзей пачалі выціскаць з Лубянскай плошчы. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у гучнамоўнік кажуць людзям, якія ўскладаюць кветкі, што іхная акцыя не ўзгодненая, і заклікаюць іх разысціся.
Відавочцы паведамляюць, што на плошчы сабраліся некалькі тысяч чалавек - уся Лубянская плошча запоўненая людзьмі. МУС ацаніла колькасць тых, хто сабраўся, у 500 чалавек.
Падчас акцыі затрыманыя каля 40 чалавек.