8 жнiўня 2020, Субота, 17:46
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску чыталі п'есу паводле турэмных лістоў Андрэя Саннікава сыну

3

Чытка п'есы «Праляцець праз вясёлку» чэшскага драматурга Шымона Алівеціна адбылася 18 снежня ў Менску.

П'еса напісаная на аснове казак кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Андрэя Саннікава, якія ён пісаў сыну з турмы.

Андрэй Саннікаў разумеў, што неабходны кантакт з чатырохгадовым Данікам, які перажывае неверагодны стрэс пасля яго арышту. З часам, атрыманне частак кнігі казак пра мышанятаў, якія жывуць у вялікім доме, стала знакам таго, што Андрэй жывы, але як толькі казкі прыходзіць пераставалі - гэта было дрэнным прадвесцем: родныя ведалі, што ціск на Саннікава зноў стаў невыносным, і канал сувязі зноў быў перакрыты.

Казкі Андрэя Саннікава, калі ён сядзеў у турме, чыталіся ў Лондане сусветнымі зоркамі тэатра і кіно: Джаанай Ламлі, Майклам Шынам і Сэмам Уэстам.

На аснове казак чэшскі драматург Шымон Алівецін напісаў п'есу «Праляцець праз вясёлку». На беларускую мову яе пераклаў вядомы літаратар і перакладчык Сяргей Сматрычэнка. 18 снежня ў Менску чыталі п'есу акцёры Беларускага Свабоднага тэатру Вікторыя Біран, Святлана Сугака, Анастасія Шчарбак, Аляксей Чыканас, Юрый Далівеля.

«Казкі Андрэя Саннікава мяне ўзрушылі. Магчыма, вы чулі, што чэхі - халодныя людзі, якім цяжка выказваць пачуцці. Але гэтыя казкі вельмі моцныя, вельмі эмацыйныя, вельмі добрыя. Я не палітык, але па-чалавечы быў узрушаны і вырашыў напісаць п'есу. Чэшскі наіўны тэатр «Ліберэц» прадставіць спектакль па гэтай п'есе 11 траўня, напярэдадні дня нараджэння Даніка Саннікава», - сказаў сайту charter97.org аўтар «Праляцець праз вясёлку» Шымон Алівецін.

«П'еса напісаная па казках Андрэя Саннікава, якія той прыдумаў для свайго сына Даніка, седзячы за кратамі. Чэшскі драматург, які схаваўся пад псеўданімам Шымон Алівецін, напісаў па тых казках п'есу і папрасіў мяне яе перавесці, на што я з радасцю пагадзіўся. Часу было ў абрэз, але, здаецца, выйшла нядрэнна. Тым больш што сама п'еса, як і казкі, якія сталі яе літаратурнай асновай, напісаная дасціпна, лёгка і пацешна.

З Шымонам - будзем яго так называць, калі ён сам так захацеў - мы знаёмыя некалькі гадоў, і ўпершыню ўбачыліся, як раз калі ён гадоў пяць назад прыехаў у Менск у складзе аматарскага лялечнага тэатра, які паказаў тады спектакль у будынку Свабоднага тэатра. Пазней Шымон прыязджаў у Менск яшчэ раз і прывозіў з сабой двух акцёраў праскага тэатру «Na tahu», якія гулялі ў тым жа будынку п'есу Вацлава Гавела «Пратэст». Я тады па просьбе Шымона перавёў «Пратэст» на беларускую мову, каб гледачы маглі сачыць за дзеяннем на сцэне. І вось вынік чарговага супрацоўніцтва з Шымонам можна было ўбачыць у гадавіну смерці Вацлава Гавела і напярэдадні другой гадавіны заключэння Андрэя Саннікава. Добрая дата, добрая дзіцячая п'еса!», - сказаў Сяргей Сматрычэнка сайту charter97.org.

П'еса заканчваецца словамі Андрэя Саннікава, якія лідэр «Еўрапейскай Беларусі» запісаў на відэа:

«Ты падаеш уніз на парашуце, глядзіш на вясёлку, але тая вясёлка не выгінаецца над гарызонтам, як мост, зусім не. З вышыні ты бачыш яе ўсю, увесь круг, бо вясёлка круглая, як блін, як нашая карусель. Ты глядзіш на трамвайны прыпынак, і людзі на ім памерам з мышак, а трамвай выглядае як палка сухой каўбасы або як гіганцкая морквіна на колцах. Над трамвайным прыпынкам увесь час вісіць вясёлка, бо бесперастанку імжыць дробны дожджык, але пры гэтым свеціць і сонейка. І ты пытаешся сама ў сябе: чаму дождж усё вяртаецца і вяртаецца на той трамвайны прыпынак, ён жа не можа вяртацца проста так, выпадкова? Ён вяртаецца, бо таксама шукае сябра... або сяброўку, якраз такую, якую знайшла на прыпынку і я, сваю сяброўку Ціпі. Дождж бачыў, калі мы сустрэліся з ёй, калі мне Ціпі сказала, каб я схавалася пад яе парасонам, пад вялікім чырвоным парасонам у чорныя гарошыны, які выглядае як багоўка, божая кароўка, і як мой парашут, на якім я спускаюся да сваіх сяброў, якія мяне чакаюць, вось акурат тут, гатовыя кінуцца мяне абдымаць».