23 красавiка 2024, aўторак, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нацыяналізацыя «Луча»: другая спроба

20
Нацыяналізацыя «Луча»: другая спроба

На 28 снежня запланаваны пазачарговы сход акцыянераў менскага абутковага ААТ «Луч».

У парадак дня ўнесенае толькі адно пытанне - аб павелічэнні долі дзяржавы ў статутным фондзе акцыянернага таварыства. Акцыянеры кампаніі паведамілі, што пытанне аб павелічэнні дзярждолі ўнёс у парадак дня агульнага сходу акцыянераў прадстаўнік дзяржавы, які займае пасаду старшыні назіральнага савета таварыства, пішуць «Белорусские новости».

«Прадстаўнік дзяржавы патрабуе, каб «Луч» аддаў не менш 25% акцый», - паведаміў адзін з акцыянераў кампаніі, знаёмы са станам спраў на прадпрыемстве.

Паводле яго слоў, прадстаўнік дзяржавы, які з'яўляецца старшынёй назіральнага савета таварыства, ініцыяваў пытанне аб перадачы акцый дзяржаве. Да гэтага часу дзяржаўная доля ў «Луче» складала 0,18%.

«Прадстаўнік дзяржавы, нічым не абгрунтоўваючы, унесла пытанне аб бязвыплатнай перадачы акцый дзяржаве. Толькі пасля абмеркавання атрымалася скарэктаваць фармулёўку гэтага пытання. Цяпер пытанне, якое выносіцца на агульны сход акцыянераў, гучыць як «аб павелічэнні дзярждолі» ў акцыянерным таварыстве», - распавёў акцыянер «Луча».

Перафармуляваўшы пытанне, якое выносіцца на агульны сход, акцыянеры тым самым выказалі надзею, што павелічэнне дзярждолі будзе адбывацца не бязвыплатна, і дзяржава возьме на сябе нейкія абавязацельствы перад таварствам.

Між тым, акцыянеры «Луча» адзначаюць: перадача дзяржаве 25% акцый фактычна азначае, што яна атрымае блокпакет, а з ім і кантроль над прадпрыемствам.

«А калі ўлічыць, што са 100% акцыянераў на агульным сходзе з'яўляецца не больш за 60%, значнасць 25-адсоткавага пакета акцый у адных руках рэзка ўзрастае. З улікам гэтага такі пакет акцый фактычна набывае статус кантрольнага», - распавёў акцыянер «Луча».

Варта адзначыць, што пытанне аб павелічэнні дзярждолі на «Луче» ўздымалася яшчэ некалькі месяцаў таму на ўзроўні дзяржорганаў. У прыватнасці, улетку гэтага года быў падрыхтаваны праект указа, які падаваў Менгарвыканкаму права пераважнага выкупу акцый «Луча».

Восенню гэтага года (у лістападзе) пытанні развіцця гарбарна-абутковай галіны разглядаліся на нарадзе ў прэзідэнта. Аднак ніякіх публічных даручэнняў у дачыненні «Луча» тады дадзена не было, з чаго можна было зрабіць выснову, што дзяржава ўсё ж адмовілася ад ідэі павелічэння сваёй долі ў прыватнай кампаніі.

Пытанне аб павелічэнні долі дзяржавы зноў актуальнае. Назіральнікі мяркуюць, што дзеянні дзяржавы ў адносінах да «Луча», які прадстаўляе абутковую прамысловасць, могуць быць увязаныя з падзеямі ў кандытарскай галіне. Восенню гэтага года дзяржава аднесла кандытарскія і некаторыя легпрамаўскія прадпрыемствы да ліку стратэгічных.

У кастрычніку, нагадаем, Аляксандр Лукашэнка наўпрост заявіў, што такія актывы павінны знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

«Што такое цукерачныя фабрыкі - гэта вечныя прадпрыемствы, яны будуць заўсёды, таму што вашым дзецям, перш за ўсё, трэба - па любым кошце вы цукеркі купіце. Гэтак жа? Так, як апрануцца, паесці і іншыя іншыя прадпрыемствы, яны вечныя. Гэта стратэгічныя, можна сказаць, прадпрыемствы. Навошта іх трэба было прадаваць, не ведаю?!», - сказаў Лукашэнка на кастрычніцкай прэс-канферэнцыі.

Такім чынам, цяпер дзяржава хоча аднавіць кантроль над тымі актывамі, якія ў 1990-я былі прыватызаваныя «памылкова». Ці будуць 28 снежня акцыянеры «Луча» пярэчыць жаданню дзяржавы павялічыць долю, сказаць складана. Аднак, як паказвае «кандытарская справа», долю дзяржавы заўсёды можна павялічыць. Пытанне толькі, якімі метадамі.

«Цяжка сказаць, якое рашэнне па пытанні павелічэння дзярждолі прыме агульны сход акцыянераў. Аднак мы ведаем, што ў нас у краіне любыя рашэнні могуць прымацца і без уліку меркавання сходу акцыянераў», - падкрэсліў акцыянер «Луча».

Нагадаем, пазачарговы агульны сход акцыянераў МО ААТ «Луч» прайшоў 23 кастрычніка. На ім большасць акцыянераў выступіла супраць правядзення дадатковай эмісіі акцый.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках