20 красавiка 2024, Субота, 12:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

З новага года ў Беларусі не стане ліквідатараў-чарнобыльцаў

69
З новага года ў Беларусі не стане ліквідатараў-чарнобыльцаў

Беларускія ліквідатары аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі неўзабаве пазбавяцца афіцыйнага статусу.

Пасведчанні ліквідатараў будуць дзейнічаць толькі да 31 снежня, паведамляе «Радыё Рацыя». Потым усіх грамадзян, якія ўдзельнічалі ў мінімізацыі наступстваў тэхнагеннай катастрофы, панізяць да статусу пацярпелых. Але нават для атрымання пасведчання пацярпелага ад аварыі ім трэба паспяшацца да канца года. Ваенны ліквідатар з Калінкавічаў Васіль Сіліверст лічыць зневажэннем такое стаўленне да яго калегаў.

«Дзяржава памяняла статус удзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС на статус пацярпелых. Чаму гэта зрабілі? Справа ў тым, што многія ліквідатары ў нас вельмі хворыя. І калі не ўсе дакументы ў іх у парадку, то трэба даказваць свой статус у судзе ў Менску. А гэта вельмі накладна для кішэні. Тым больш, пасведчанне ліквідатара ў Беларусі не прыносіць сур'ёзных льгот. Таму многія не абараняюцца, губляючы свой статус. А дзяржаве гэта і трэба - каб было менш ліквідатараў. Яны збіраюцца будаваць АЭС у Астраўцы, а пры такой колькасці ліквідатараў-інвалідаў гэта - дзікунства», - сказаў ён.

Кандыдат тэхнічных навук і ўдзельнік руху «Вучоныя за бяз'ядзерную Беларусь» Юрый Варонежцаў таксама лічыць, што дзяржава адмыслова скарачае колькасць ліквідатараў.

«Краіна, якая збіраецца развіваць атамную энергетыку амаль з нуля, не можа сабе дазволіць нагадваць пра тое, што ад атамнай катастрофы пацярпела і працягвае пакутаваць вялікая частка насельніцтва. Акрамя таго, наша так званая сацыяльная дзяржава не моцна дапамагае ўсім катэгорыям сацыяльна слабых грамадзян. І ліквідатары тут не выключэнне», - адзначае Юрый Варонежцаў.

Паводле яго слоў, многія гомельскія ліквідатары страцілі надзею дабіцца прызнання сваіх заслуг у Беларусі. Гамяльчане сталі атрымліваць расейскае грамадзянства, рэгіструючыся ў прыгранічных Клінцах або ў Навазыбкаве. У Расеі да ўдзельнікаў ліквідацыі ставяцца з вялікай павагай.

У Беларусі каля 100 тысяч чалавек маюць пасведчанні ліквідатараў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Беларускія ліквідатары былі пазбаўленыя практычна ўсіх льгот у 2009 годзе.

Напісаць каментар 69

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках