19 красавiка 2024, Пятніца, 13:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Рэвяка: Пастанова ААН - сігнал беларускім судам

37
Таццяна Рэвяка: Пастанова ААН - сігнал беларускім судам

Меркаванне працоўнай групы ААН у «справе Бяляцкага» - гэта сігнал нашым праваахоўным органам, як трэба ацэньваць з пункту гледжання права такія справы.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю карэспандэнту сайта camarade.biz выказала сябра рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка, пракаментаваўшы пастанову Працоўнай групы ААН на адвольнае затрыманне ў «справе Алеся Бяляцкага».

«Пастанова Працоўнай групы ААН - гэта знакавая перамога, бо яна прызнае, што зняволенне Алеся Бяляцкага адвольнае з пункту гледжання міжнароднага права, і падкрэслівае права на фінансаванне незалежных НДА, - заявіла ўчора прэзідэнтка Міжнароднай Федэрацыі правоў чалавека (FIDH) Суэр Бэльхасэн. - Алесь Бяляцкі павінен быць неадкладна вызвалены, і пераслед «Вясны» ды іншых праваабаронцаў павінен быць спынены».

З ёй салідарная сябра Рады ПЦ «Вясна» Таццяна Рэвяка, яна заявіла, што выснова Працоўнай групы ААН з'яўляецца вельмі важнай, бо ў ёй утрымліваецца прававая ацэнка справы Алеся Бяляцкага, зробленая юрыстамі найвышэйшага ўзроўню.

«Не сакрэт, што Бяляцкага не проста хацелі пасадзіць, але яшчэ і дыскрэдытаваць, зыходзячы з абвінавачвання аб нявыплаце падаткаў. Следчыя і суддзі не прынялі да ўвагі звесткі пра тое, на што выдаваліся сродкі, інфармацыю пра якія літоўскія і польскія дзяржаўныя органы перадалі беларускай старане, на што яны выдаткоўваліся, чаму Алесь быў вымушаны адкрываць рахункі за мяжой. Яны, як быццам, не заўважалі сапраўдных прычын, у выніку якіх сродкі на дзейнасць «Вясны» акумуляваліся на рахунку Бяляцкага», - кажа праваабаронца.

Яна звяртае ўвагу, што юрысты Працоўнай групы ААН гэтую ўзаемасувязь выразна акрэслілі. У выснове пазначана, што «крымінальная адказнасць не можа вынікаць з першаснай пастановы ўрада адмовіць НДА «Вясна» ў рэгістрацыі і спробы распусціць яе, што само з'яўлялася парушэннем артыкула 20 параграфа 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкула 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах» .

«Меркаванне Працоўнай групы ААН - гэта сігнал нашым «служкам Феміды», як трэба ацэньваць з пункту гледжання права і правоў чалавека такія справы, не дапускаючыся да граху выканання палітычных замоў на ізаляцыю канкрэтнага чалавека», - адзначае Таццяна Рэвяка.

Прадстаўніца «Вясны» кажа, што цяпер пастанова ўспрымаецца праваабаронцамі як юрыдычная ацэнка, прызнанне міжнародным органам невінаватасці Алеся Бяляцкага ў злачынстве, за якое ён цяпер знаходзіцца за кратамі.

Зрэшты, яна прызнаецца - аптымізму, што за гэтым будуць зроблены нейкія канкрэтныя дзеянні беларускіх уладаў, якія прычыняць станоўчыя змены для Алеся, вельмі мала: «Беларускі ўрад шмат гадоў запар ухіляецца ад выканання ўзятых на сябе абавязанняў у рамках розных структур ААН, і я думаю, што і гэтае меркаванне ў справе Бяляцкага наўрад будзе пачутае».

Таццяна Рэвяка са шкадаваннем адзначае, што няма ніякіх механізмаў прымусіць беларускія ўлады выконваць тое, пад чым яны падпісаліся ў рамках ААН. У якасці прыкладу яна падала сітуацыю з ліквідацыяй Праваабарончага цэнтра: «У нас за выкананне міжнародных дамоў адказны МЗС, і калі мы атрымалі пастанову ў справе аб ліквідацыі «Вясны» (гэта было ў 2007 годзе), мы звярнуліся да іх - давайце, спрыяйце выкананню абавязанняў Беларусі перад Камітэтам правоў чалавека ААН, спрыяйце аднаўленню нашых правоў, парушаных ліквідацыяй арганізацыі, спрыяйце рэгістрацыі і г.д. На гэта мы атрымалі кароткі адказ: пастанова Камітэта ПЧ ААН носяць рэкамендацыйны характар, і мы не маем намеру выконваць іхныя рэкамендацыі, калі яны нам не падабаюцца. Вось так».

Нагадаем, падчас сваёй 64 сесіі Працоўная група ААН у адвольных затрыманнях вынесла пастанову, у якой сцвярджаецца, што зняволенне старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага «адвольнае і супярэчыць артыкулу 20 параграфа 1 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах».

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках