16 жнiўня 2018, Чацвер, 3:53
Рубрыкі

Аляксандр Круты - на волі

15

Аляксандр Круты вызвалены з псіхіятрычнага цэнтра і вярнуўся да родных.

Як паведаміла БелаПАН дачка Аляксандра Крутога Інэса, пацярпелая ў выніку тэракту ў метро 11 красавіка 2011 года, яе бацька вызвалены з РНПЦ псіхічнага здароўя.

Гэта адбылося 24 снежня. З клінікі бацьку забралі сваякі, цяпер ён знаходзіцца з сям'ёй.

Інэса Крутая мяркуе, што вярнуцца бацьке ў сям'ю дазволілі у тым ліку яе выступлені ў СМІ пасля апошняга судовага працэсу над Крутым, у выніку чаго бацька ўсё ж такі не быў адпраўлены па месцы рэгістрацыі ў Слуцк, дзе яму няма дзе жыць. Яна сцвярджае, што ў пастанове суда чула першапачаткова менавіта такую фармулёўку.

Нагадаем, 20 верасня 2011 года Аляксандр Круты, які актыўна выступаў на працэсе па тэракту, быў затрыманы міліцыяй у Менску. 22 верасня Аляксандр Федарцоў, які старшынстваваў у судзе, часткова зачытаў пастанову аб яго затрыманні. У ёй было сказана, што Круты «17 жніўня, знаходзячыся ў кабінеце адной з медыцынскіх устаноў Менска, наўмысна здзейсніў хуліганскія дзеянні з асаблівым цынізмам і грэбаваннем да нормаў маралі». Гэта выявілася ў тым, што ён выліў змесціва двух слоікаў - вадкасць з пахам мачы - на галоўнага ўрача. Па накіраванні пракурора Круты быў адпраўлены ў РНПЦ псіхічнага здароўя. Экспертыза прызнала яго шалёным.

6 снежня суд Маскоўскага раёна пастанавіў прымяніць да Крутога прымусовыя меры бяспекі і лячэння. Пасля РНПЦ ён знаходзіўся ў жодзінскай турме, затым быў пераведзены ў СІЗА № 1. 10 лютага Менгарсуд разгледзеў касацыйную скаргу на прысуд раённага суда, адмовіў у вызваленні Крутога з-пад варты і вярнуў справу ў раённы суд. 20 сакавіка суд Маскоўскага раёна пацвердзіў рашэнне аб неабходнасці прымянення мер бяспекі і лячэння да Аляксандра Крутога.

Паводле пастановы суда Круты быў прызнаны асобай, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), у стане бессвядомасці, і вызвалены ад крымінальнай адказнасці. На падставе гэтага ён павінен быў быць адпраўлены ў псіхіятрычны шпіталь пасля ўступлення ў сілу пастановы раённага суда.

З СІЗА № 1 у РНПЦ псіхічнага здароўя Круты быў пераведзены 11 красавіка і заставаўся там да вызвалення.

11 снежня суд Маскоўскага раёна Менска, разгледзеўшы ў трэці раз справу Крутога, на падставе заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі лекараў-спецыялістаў у галіне аказання псіхіятрычнай дапамогі змяніў яму раней устаноўленыя прымусовыя меры бяспекі і лячэння на прымусовае амбулаторнае назіранне і лячэнне ў лекара-спецыяліста. Гаворкі пра тое, што гэта будзе адбывацца па месцы рэгістрацыі, не ідзе. Кантроль за арганізацыяй дапамогі Крутому ўскладзены на яго прадстаўніка - работніка 25-й паліклінікі ў Маскоўскім раёне Менска.

Па словах Інэсы Крутой, цяпер бацька мае намер знайсці працу, хоць усе разумеюць, што з «воўчым білетам» гэта будзе зрабіць вельмі цяжка.