24 красавiка 2024, Серада, 5:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэстыжны дом у цэнтры Менска заліло кіпнем

11

Аварыйная брыгада прыехала на месца здарэння толькі праз дзве гадзіны.

- У нас прарвала трубу ацяплення на гарышчы, у выніку чаго заліло кіпнем увесь стаяк першага пад'езда! - паведаміла на Гарачую лінію TUT.BY менчанка Ірына Наўмавна. - Гэта здарылася яшчэ ў 9:30 раніцы, а аварыйная брыгада прыехала на месца здарэння толькі праз дзве гадзіны. У выніку пацярпела значная частка маёмасці ў некалькіх кватэрах, а людзі толькі па шчаслівай выпадковасці не атрымалі сур'ёзныя траўмы».

Карэспандэнты адправіліся па адрасе НЗ - на сталічны праспект Незалежнасці, 44. Для незнаёмых з геаграфіяй горада варта патлумачыць, што гэта - прэстыжная «сталінка» жоўтага колеру на рагу з вуліцай Казлова, дзе знаходзіцца рэдакцыя газеты «Вечерний Минск» і шэраг офісаў вядомых кампаній. На астатніх паверхах жывуць людзі, прычым няпростыя - у савецкія часы кватэры тут вылучаліся прадстаўнікам творчай і навуковай інтэлігенцыі.

Жывуць яны, трэба прызнаць, нядрэнна: у большасці кватэр зроблены якасны рамонт, стаяць дарагія мэбля і бытавая тэхніка. Праўда, зараз пра гэта можна казаць толькі ў мінулым часе: уся нажытая маёмасць загінула пад бруямі кіпеню, што цёк з гарышча будынка. І некаторым жыхарам вельмі пашанцавала, што яны не загінулі самі.

- Мы з унучкай ледзь паспелі адскочыць, калі зверху абрынуліся люстра і велізарны кавалак тынкоўкі, - распавядае жыхарка адной з пацярпелых кватэр. - Я лічу, што нам вельмі пашанцавала.

Па словах жыхароў пад'езда, аварыя здарылася прыкладна ў 9:30 раніцы. Перад гэтым, кажуць яны, у доме былі заўважаныя сантэхнікі, якія заносілі на гарышча дзве цяжкія чыгунныя батарэі. Як лічаць насельнікі дома, супрацоўнікі ЖЭС па памылцы кінулі іх у той кут, дзе праходзіла труба ацяплення. Яна не вытрымала. Праўда, у самім ЖЭС-5, які адказвае за дом па Незалежнасці, 44, гісторыю з кінутымі батарэямі і сантэхнікамі катэгарычна адмаўляюць і сцвярджаюць, што трубу прарвала ад банальнага фізічнага зносу.

Аднак галоўная бяда нават не ў гэтым, а ў тым, што такой велізарнай матэрыяльнай шкоды можна было б пазбегнуць, калі б аварыйная брыгада на Незалежнасці, 44 прыехала своечасова.

- Аварыйная ехала да нас цэлых дзве гадзіны! - абураецца жыхар пад'езда, развешваючы на парэнчах наскрозь прамоклыя дываны. - Увесь гэты час са столяў цякла вада, абвальвалася тынкоўка, падалі люстры! А перакрыцці ў нашым доме - драўляныя. Гэта значыць, што цалкам прасушыцца пасля такога моцнага патопу яны змогуць толькі праз паўгода... Да гэтага часу рамантаваць столі бессэнсоўна - прыйдзецца жыць у гэтым жаху. І нават без святла - бо электрычнасць, каб пазбегнуць кароткага замыкання, прыйшлося адключыць.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках