24 лютага 2018, Субота, 7:12
Рубрыкі

Аўтаўладальнікам прапануюць купляць паркоўку

80

Менгарвыканкам напярэдадні Новага года выступіў з святочнай ідэяй дастасаваць у будучыні рэгістрацыю набытых грамадзянамі аўтамабіляў да наяўнасці ў пакупніка аўто паркавальнага месца.

«Стымулам да стварэння арганізаваных паркавальных месцаў можа стаць дастасаванне рэгістрацыі аўтамабіля да наяўнасці паркавальнага месца. Гэта можа быць гараж, паркавальнае месца, зарэгістраванае праз доўгатэрміновы кантракт, у тым ліку купленае», - заявіў сёння прадстаўнік менскай «мэрыі» Аляксандр Пятроў, якога цытуе АФН.

Пры адсутнасці такога месца ўлады будуць рэгістраваць аўтамабілі, але пры ўмове ўнясення дадатковай аплаты - гэткага «паркавальнага» падатку, што падштурхне менчукоў да ўдзелу ў будаўніцтве дарагіх паркінгаў.

«Няхай гэта будзе невялікая сума, але яна ўсё роўна стане стымулам да набыцця паркавальнага месца, бо нікому не хочацца плаціць за паветра», - перакананы чыноўнік.

З ягоных слоў, у Менску ёсць вялікія магчымасці для стварэння паркінгаў, але забудоўнікі жылля часцяком спрабуюць ухіліцца ад іх будаўніцтва праз высокі кошт месца для аўто і адпаведна адсутнасці попыту.