29 сакавiка 2024, Пятніца, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кадэтаў муштруюць для «ранішніка» з Лукашэнкам

81
Кадэтаў муштруюць для «ранішніка» з Лукашэнкам

Навучэнцам даслалі пытанні, якія будзе задаваць дыктатар, і тое, што яны павінны адказваць.

У Менскім абласным кадэцкім вучылішчы, якое знаходзіцца ў Слуцку, 28 снежня чакаюць Лукашэнку. Па словах навучэнцаў, кіраўнік прабудзе каля сарака хвілін, але рыхтуюцца да яго візіту цэлы месяц.

З-за рэпетыцый удзельнікам балю скарацілі колькасць урокаў і падоўжылі чвэрць.

- Вакацыі ў нас перанеслі з 23 на 29 снежня, - падзяліліся навучэнцы.

Як распавялі «Салідарнасці» юныя кадэты, да навагодняга балю ў будынку зрабілі рамонт, на тэрыторыі вучылішча - новая плітка і ліхтары. А ў самой навучальнай установе з'явіўся новы клас з кампутарамі. Сюды павінны прывесці Лукашэнку, каб ён мог пагутарыць з вучнямі, якія лепш усіх валодаюць замежнымі мовамі.

- А Лукашэнка ведае замежныя мовы?

- Напэўна, - бянтэжыцца кадэт.

Спецыяльна да візіту Лукашэнкі для навучэнцаў пашылі касцюмы і бальныя сукенкі за дзяржаўны кошт. А вось прычоскі дзяўчынкам прыйдзецца рабіць за свой.

- Да нас павінен быў прыехаць цырульнік з Менска, але чамусьці ўсё адмянілася. Дзяўчынкам далі заданне купіць лакі, пенкі, гелі, невідзімкі, шпількі. Цяпер яны трэніруюцца рабіць прычоскі.

Па падліках навучэнцаў, прычоска абыйдзецца кадэтцы прыкладна ў дзвесце тысяч рублёў. Не ва ўсіх выхаванцаў вучылішча ёсць бацькі. Некаторых выхоўваюць бабулі або іншыя сваякі, якім і прыйшлося ўзяць на сябе гэтыя траты.

Маштабны рамонт вучылішча і выдаткі на прычоскі слуцкім кадэткам здаюцца дробяззю ў параўнанні з тым, як рыхтаваліся да сустрэчы з Лукашэнкам у іншых рэгіёнах: каровам фарбавалі капыты, у паляўнічых забіралі стрэльбы і нават адстрэльвалі галубоў.

- Пакуль невядома, ці прыедзе ён з малодшым сынам, - распавядае іншы выхаванец кадэцкага вучылішча. - Але дзяўчынка рэпеціруе вальс, каб з Колем танцаваць.

- А як яе выбіралі? Быў нейкі кастынг?

- Нічога не ведаю, - кажа суразмоўца. - А вось з кіраўніком будзе танцаваць дзяўчынка з Віцебскай вобласці. Усе хвалююцца, а раптам Лукашэнка яе спытае і даведаецца, што яна не з Менскай вобласці. Што тады?

Але мяркуючы па размове з кадэтамі з іншых класаў, ніякіх экспромтаў падчас візіту Лукашэнкі не чакаецца: усё пройдзе па сцэнары.

- Нам даслалі пытанні, якія ён будзе задаваць, - распавядаюць падлеткі. - І нашыя адказы таксама.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках