18 красавiка 2024, Чацвер, 21:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Washington Post: Год пратэстаў нараджае іншую Расею

11
The Washington Post: Год пратэстаў нараджае іншую Расею

Распачатыя раптам год таму назад палітычныя пратэсты на першы погляд мала што змянілі ў Расеі.

Крэмль па-ранейшаму цалкам кантралюе парламент, паліцыю і суды - і не саромеючыся выкарыстоўвае іх супраць сваіх ворагаў.

Аднак мінулыя 12 месяцаў упершыню паказалі людзям, як яны могуць аб'яднацца для арганізаваных дзеянняў, дэманструючы сваю масавую незадаволенасць уладай прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, піша The Washington Post (пераклад - inosmi.ru).

Пратэсты вымусілі прэзідэнта сысці ў абарону, і далі маніфестантам дагэтуль незнаёмае ім пачуццё салідарнасці. «Усе нарастае знізу ўверх, - кажа статыстык Рыгор Ахоцін, які аналізуе дэманстрацыі. - Мы такога раней ніколі не бачылі».

Аднак першыя прыкметы выклікаюць трывогу.

«Атмасфера прасякнутая стрыманай жорсткасцю, - кажа сацыёлаг з цэнтра вывучэння грамадскай думкі ім. Лявады Барыс Дубін. - Сітуацыя нестабільная і трывожная».

Яго калега Дзяніс Волкаў за мінулы год правёў некалькі апытанняў сярод дэманстрантаў і прасумаваў іх меркаванні наступным чынам: «Сістэма зверху ніколі не зменіцца. У нас не хапае сіл, каб выклікаць перамены. Але Расея жыць так далей не можа».

Але актыўнасць мас прывяла Крэмль у стан нявызначанасці, справакаваўшы гэтай восенню раптоўную выбуховую хвалю антыкарупцыйных расследаванняў. Ахвярай аднаго з іх стаў правераны пуцінскі падручны, былы міністр абароны Анатоль Сердзюкоў.

Успышка актыўнасці можа сведчыць пра тое, што Пуцін спрабуе стварыць бачнасць барацьбы з карупцыяй, паколькі гэта адна з праблем, якая вывела людзей на дэманстрацыі. Альбо ж гэта можа быць прыкметай таго, што кланы, якія знаходзяцца пад ім, выпрабоўваючы ціск вуліц, выступаюць адзін супраць аднаго.

Пратэсты пачаліся 5 снежня 2011 года з патрабаваннем аб правядзенні сумленных і чыстых выбараў, а ўжо праз некалькі месяцаў яны сталі антыпуцінскімі мерапрыемствамі. Не маючы плана дзеянняў і канкрэтных патрабаванняў, пратэстны рух на сёння вычарпаўся (хоць на 15 снежня запланаваны чарговы мітынг). Аднак пратэсты сфармавалі магутную мітынгавую базу, з якой растуць шматлікія дробныя, лакальныя і нацэленыя на канкрэтныя дасягненні акцыі.

Актывістка Алена Ткач гэтай вясной падчас выбараў атрымала месца ў муніцыпальным сходзе аднаго з раёнаў Масквы, і цяпер яна агітуе жыхароў самім вызначаць прыярытэты ў рамонце дамоў, змагацца з незаконнымі сметнікамі, наносіць на карту зялёныя зоны, спрабуе абараніць гістарычныя будынкі ад забудоўшчыкаў - і у працэсе гэтай працы спазнае складаную гарадскую гаспадарку.

Яна з пагардай ставіцца да зорак СМІ, якія занялі бачнае становішча ў апазіцыі - і расчаравалі многіх сваіх паслядоўнікаў, не здолеўшы дамагчыся вынікаў. Ткач кажа: «У нас рэальныя задачы. Рана ці позна ў нас будуць рэальныя лідэры».

Калі Пуцін, які займаў пасаду прэм'ер-міністра, абвясціў у верасні 2011 года, што мае намер вярнуцца ў прэзідэнцкае крэсла, ён ахарактарызаваў гэты крок як спосаб захаваць статус-кво. Аднак гэтае яго рашэнне менш чым праз тры месяцы прывяло да масавых пратэстаў. Спрабуючы пазбегнуць перамен, Пуцін выклікаў гэтыя перамены.

«Усё больш і больш людзей, - кажа Дубін, - пачынаюць разумець, што пуцінскі лозунг «стабільнасць і парадак» больш не дзейнічае».

Тым не менш, пуцінская «Адзіная Расея» у кастрычніку з лёгкасцю атрымала перамогу на рэгіянальных выбарах. Апазіцыя да выбараў не падрыхтавалася і арганізавацца не змагла. Але як кажа Дубін, вынікі галасавання ў большай ступені адлюстроўваюць страх перад невядомасцю, чым імкненне падтрымаць кіруючую партыю. А на значнай частцы расейскай тэрыторыі эфір па-ранейшаму знаходзіцца пад татальным кантролем пуцінскіх прыхільнікаў.

Вярнуўшыся ў сакавіку на прэзідэнцкі пост, Пуцін дэманструе сваю поўную рашучасць здушыць нязгоду.

Відавочнай спробай запалохаць дэманстрантаў стала абвінавачванне, прад'яўленае 17 дэманстрантам за іх удзел у мітынгу 6 траўня напярэдадні пуцінскай інаўгурацыі. Іх абвінавачваюць у нападзе на паліцэйскіх. Аднаго ўжо прысудзілі да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Нядаўна быў прыняты новы закон з пашыраным тлумачэннем здрады. Паняцце здрады стала цяпер настолькі шырокім, што некаторыя расейцы баяцца мець зносіны з замежнікамі, мяркуючы, што падвергнуць сябе небяспецы. Былі павялічаныя штрафы і пакаранні за паклёп і парушэнне правілаў правядзення мітынгаў. Няўрадавыя арганізацыі, якія атрымліваюць грошы з-за мяжы, павінны рэгістравацца ў якасці замежных агентаў. Маскоўская Хельсінкская група і іншыя арганізацыі заяўляюць, што не падпарадкуюцца гэтаму закону.

Лідэраў апазіцыі аднаго за іншым падвяргаюць магутнаму ціску. Блогера і змагара з карупцыяй Аляксея Навальнага абвінавацілі ў хабарніцтве, падняўшы справу трохгадовай даўнасці. Лідэра сацыялістаў Сяргея Удальцова абвінавацілі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў.

Адзін з яго паплечнікаў Леанід Развазжаеў абвінаваціў расейскія ўлады ў тым, што яны выкралі яго на тэрыторыі Украіны, дзе ён спрабаваў атрымаць прытулак. 22 лістапада расейскія следчыя заявілі, што не будуць праводзіць расследаванне па гэтай справе, так як Развазжаеў не прадставіў пераканаўчых доказаў свайго выкрадання і вывазу з украінскай тэрыторыі.

У верасні Генадзя Гудкова, які як і Пуцін раней працаваў агентам КДБ, пазбавілі дэпутацкага мандата пасля таго, як ён стаў на бок апазіцыі. Былога агента КДБ Аляксандра Лебедзева, які сумесна з Міхаілам Гарбачовым аказвае фінансавую падтрымку незалежнай газеце, абвінавацілі ў тым жа месяцы ў хуліганстве за тое, што ён ударыў такога ж як ён госця студыі падчас напружанага ток-шоу, якое адбылося год таму.

З-за такіх жа абвінавачванняў у хуліганстве ўдзельніцы панк-гурта Pussy Riot селі на два гады ў турму пасля таго, як выканалі ў алтары храма песню супраць Пуціна.

«Нашы» і «не нашы»

Пуцін раней называўся лідэрам усіх расейцаў, якія стаяць над партыйнымі зварамі. Але цяпер Крэмль забівае клін у грамадства, Дэманізуючы апазіцыю і дзелячы расейцаў на «нашых» і «не нашых». Аднак такая стратэгія прывяла да збліжэння трох галін пратэстнага руху - левых, нацыяналістаў і лібералаў, хоць многія чакалі разрыву паміж імі, кажа Сяргей Давідзіс з арганізацыі «Салідарнасць».

Дэманстранты, якія пазнаёміліся на буйных мітынгах, аб'ядноўваюцца, збіраючы адзенне для бяздомных, абараняючы гастарбайтэраў, якіх працадаўцы заганяюць у рабства, арганізуючы хоспісы для дзяцей, а таксама дапамагаючы ахвярам паводак. Гэта нечуваная з'ява, кажа Давідзіс, і ў некаторых выпадках такія дзеянні прымушаюць улады варушыцца.

Сацыёлаг Дубін, як і многія іншыя, занепакоены тым, што хутка ўлады могуць пайсці на больш суровае закручванне гаек. Аднак сіла ў колькасці, як адзначыў нядаўна ў інтэрв'ю малады апазіцыянер па імі Данііл Бейлінсон. «Год таму за кожным актывістам сачыў асобны паліцэйскі, - сказаў ён. - Больш яны гэтага рабіць не могуць».

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках