19 красавiка 2024, Пятніца, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: У Беларусі сочаць не за якасцю, а за колькасцю

16
Леанід Заіка: У Беларусі сочаць не за якасцю, а за колькасцю

Скаргі Рассельгаснагляду на нядобрасумленны кантроль расліннай прадукцыі з боку Беларусі абгрунтаваныя, лічыць эканаміст.

«Тут дзве зыходныя пазіцыі. Першая - гэта абвастрэнне канкурэнцыі на ўнутраным рынку Расеі. Пасля ўступлення гэтай краіны ў СГА адна з цэнтральных задач - гэта выключэнне замежных вытворцаў аграрнай прадукцыі. Аграрная сфера - уразлівая, таму яны павысілі ступень абароны зыходзячы з класіфікацыі фітасанітарнага і біялагічнага нагляду ўсёй гамы прадуктаў, асабліва насення», - распавёў у інтэрв'ю сайту charter97.org беларускі эканаміст Леанід Заіка.

Па словах эксперта, перад Расеяй цяпер стаіць задача цалкам забяспечыць сябе аграрнай прадукцыяй:

«Расея баіцца канкурэнцыі з боку Украіны, яна цяпер мусіць практычна на працягу двух гадоў скончыць поўнае самазабеспячэнне мясам. Курыцай ужо забяспечвае, таксама павінна ў гэтым годзе і свінінай. Дарэчы, на сёння мы ўжо закупілі ў Расеі ў 18 разоў больш свініны, чым у мінулым годзе».

Расейскія аграрыі лабіруюць свае інтарэсы праз галоўнага санітарнага ўрача Расеі, лічыць эканаміст:

«Другі момант - гэта лабізм расейскіх аграрыяў. У гэтай краіне існуюць даволі буйныя асацыяцыі вытворцаў збожжа, масла і малочных прадуктаў. І яны па поўнай выкарыстоўваюць спадара Анішчанку (галоўны санітарны ўрач Расеі - заўв.) і яго структуры. Лабізм ёсць, мы ўжо сутыкаліся з гэтым па цукру і іншым прадуктам».

У нашай краіне за якасцю сельскагаспадарчай прадукцыі сапраўды не сочаць, адзначыў Леанід Заіка:

«І трэцяе - у Беларусі гаспадарчыя структуры арыентуюцца на план, які ўстанаўлівае кіраўнік, а гэта аб'ёмныя паказчыкі. А за якасцю, генетычнай каштоўнасцю і іншымі важнымі параметрамі сочаць толькі фармальна. Фермераў мала, іх амаль не кантралююць, хоць я думаю, што ў іх нармальная прадукцыя. А ў саўгасах і калгасах фітасанітарны кантроль сапраўды практычна не ажыццяўляецца».

Нагадаем, нядаўна Рассельгаснагляд паскардзіўся на нядобрасумленны кантроль расліннай прадукцыі з боку Беларусі, у выніку якога пры горшым сцэнары развіцця падзей шкода Расеі можа скласці да 480 мільярдаў расейскіх рублёў (больш за 15 млрд. даляраў) у год.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках