29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калапс на мяжы з Літвой: у чарзе «затрымаліся» 600 грузавікоў

9
Калапс на мяжы з Літвой: у чарзе «затрымаліся» 600 грузавікоў

Каля 600 грузавікоў стаяць у чарзе ў пункце пропуску «Каменны лог» на мяжы з Літвой, Дзяржаўны памежны камітэт просіць грузаперавозчыкаў выбіраць іншыя калідоры.

Пра гэта карэспандэнту БелТА паведамілі ў Дзяржпамежкамітэце.

«У сувязі з затрыманнямі ў Літве супрацоўнікаў мытні кантрольна-прапускнога пункта «Мядзінінкай» 5 снежня з 7.00 да 12.00 афармленне на выезд з Беларусі і мытнае афармленне на ўезд у Літву не праводзіліся. Гэта прывяло да ўтварэння чаргі грузавых аўтамабіляў у пункце пропуску «Каменны лог». З поўдня 5 снежня працягласць чаргі склала каля 10 км. У чарзе на выезд з Беларусі ў Літву стаяць у цяперашні час каля 600 грузавых аўтамабіляў», - распавялі ў Дзяржпамежкамітэце.

«Зразумела, што настрой у дальнабойшчыкаў напружаны, гэтая сітуацыя азначае для іх працяглы прастой. Для таго каб не пагаршаць сітуацыю і паступова нармалізаваць штатную работу пунктаў пропуску «Каменны лог» - «Мядзінінкай» Дзяржпамежкамітэт Беларусі просіць грузаперавозчыкаў улічваць гэтыя абставіны і часова пераарыентаваць свае маршруты на іншыя пункты пропуску на мяжы з Літвой», - адзначылі ў камітэце. Для гэтага можна выкарыстоўваць пераходы «Катлоўка», «Беняконі» і «Прывалка» - там сітуацыя лепш. «У цяперашні час сітуацыя ўзятая пад кантроль, мы наладзілі абмен інфармацыяй з літоўскімі калегамі ў рэжыме рэальнага часу», - дадалі ў ДПК.

Паводле інфармацыі Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі перавозчыкаў, прапускная здольнасць пункта пропуску «Мядзінінкай» з 5 снежня знізілася ў чатыры разы. Па звестках літоўскага мытнага дэпартамента, зараз на КПП «Мядзінінкай» працуюць 20 супрацоўнікаў мытні.

Дваццаць дзевяць супрацоўнікаў мытні кантрольна-прапускнога пункта «Мядзінінкай» Віленскай тэрытарыяльнай мытні былі затрыманыя 5 снежня па абвінавачваннях у злоўжыванні службовым становішчам і хабарніцтве. Гэта адна з самых буйных карупцыйных спраў у гісторыі літоўскай мытні. Злоўжывання мытнікаў былі заўважаныя даўно, і за імі вялося назіранне. Кіраўнік мытнага дэпартамента на прэс-канферэнцыі заявіў: «Гэта не было сакрэтам, што мытнікі на мядзінінкайскім КПП бралі хабары». Нібыта на працягу апошніх чатырох месяцаў кіроўцы для больш хуткага праезду разам з дакументамі падавалі мытнікам па 20-40 літаў хабару (1 літ роўны 0,29 еўра).

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках